учо́ра, прысл.
1. У дзень, які папярэднічаў сённяшняму; напярэдадні. Учора ў штабе групы вырашана, што наш полк пачне наступленне ў лоб белым. Барашка. Учора — гром, а сёння — снег. Вясна ў зіме, зіма ў вясне. Шымук. // Не так даўно, у недалёкім мінулым. Хоць ты плячом варочаў горы, Умеў пад хмарамі лятаць — Не гавары — кім быў учора, Скажы, кім заўтра хочаш стаць. Жычка.
2. у знач. наз. учо́ра, нескл., н. Папярэдні, мінулы дзень. Учора не дагоніш, ад заўтра не ўцячэш. Прыказка.
учо́рашні, ‑яя, ‑яе.
Разм. Тое, што і учарашні.
учо́с, ‑у, м.
Змяншэнне вагі пры часанні чаго‑н. (воўны, ільну і пад.). Учос воўны.
учо́т, ‑у, М учоце, м.
Рэгістрацыя кадраў, устанаўленне іх наяўнасці. Стаць на партыйны ўчот. Зняцца з учоту.
•••
Учот вэксаляў — крэдытная аперацыя ў капіталістычных дзяржавах, якая ўчыняецца шляхам куплі банкам вэксаляў да сканчэння іх тэрміну.
учо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для ўчоту. Учотная картка. Учотны лісток.
2. Спец. Які звязаны з учотам вэксаляў. Учотны банк. Учотны працэнт.
учо́тчык, ‑а, м.
Асоба, якая вядзе ўлік чаго‑н. Учотчык палявой брыгады. Канторскі ўчотчык. □ На фермах [калгаса «Рассвет»] няма ні вартаўнікоў, ні ўчотчыкаў — даяркі самі вядуць улік надоенага малака. Кухар.