бязглу́здасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бязглуздага; недарэчнасць. Бязглуздасць становішча. Бязглуздасць памеру.
бязглу́здзіца, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што пярэчыць сэнсу; глупства, недарэчнасць. [Зёлкін:] Не можа быць, каб вы, Аляксандр Пятровіч, такую бязглуздзіцу напісалі. Крапіва.
бязглу́зды, ‑ая, ‑ае.
1. Неразумны; які нічога не разумее; бесталковы. Бязглузды чалавек. // Які выражае адсутнасць думкі; тупы. Бязглузды выгляд.
2. Пазбаўлены сэнсу, зместу; недарэчны. Прыгадаліся [Анатолю] вечары ў цешчы Адзелаіды Сяргееўны, напоўненыя сумам, бязглуздымі гульнямі і агідным крыўляннем. Асіпенка. Але тое, што Іван схаваўся ад адказнасці ў кусты, пабаяўся з’явіцца на сход, прыслаўшы толькі нейкую бязглуздую запіску, канчаткова збянтэжыла Колю. Шахавец. [Сухадольскі Русаковічу:] А я заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Гэты цвердалобы Карпенка гатовы разбіцца ў шчэпкі, каб толькі выканаць які бязглузды загад. Быкаў.
бязгрэ́шнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бязгрэшнага. Максім Багдановіч — прыхільнік маральнай бязгрэшнасці чалавека; ён услаўляе маральную чысціню адносін да цудоўнага тварэння прыроды — жаночай красы і прыгажосці. Майхровіч.
бязгрэ́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не зрабіў граху, правіннасці; маральна чысты. Бязгрэшны чалавек. Бязгрэшнае дзіця.
2. Які не мае ў сабе нічога агіднага, дрэннага; чысты. Бязгрэшныя забавы. Бязгрэшнае каханне.
бязгу́чнасць, ‑і, ж.
Цішыня, маўклівасць. Сярод белай зімовай бязгучнасці бягуць цені каня, саней і хлопца ў кажусе. Лужанін.
бязгу́чны, ‑ая, ‑ае.
Які не суправаджаецца гукам, бясшумны. Пад раніцу з захаду паднялася цёмная хмара. Цяжкая, шырокая, яна павольна ўздымалася ў неба, гасячы зоры. Аб ёй дагадаліся па водблісках далёкіх бязгучных маланак. Галавач. На маладой асінцы лісце дрыжала, але дрыжанне гэтае зусім было бязгучнае. Чорны.
бязда́рнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць бяздарнага; адсутнасць здольнасці, таленту. Апрача таго, гэта значыла б прызнацца ў сваёй бяздарнасці. Дубоўка.
2. Бяздарны чалавек; бездар. Як ні пнецца Вінцэнт Барташэвіч, з яго ніколі не будзе сапраўднага журналіста, і ён, мусіць, імкнецца ганіць усё добрае, каб самому не здавацца бяздарнасцю. Сабаленка.
бязда́рны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае здольнасці, таленту. Бяздарны артыст. □ Урач яна [Гаецкая] была бяздарны, але арганізатар неблагі. Шамякін. // Выкананы неталенавіта (пра творы літаратуры, мастацтва і пад.). Бяздарны раман.