Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кускавы́, ‑ая, ‑ое.

Нарэзаны, наколаты кускамі; у кусках. Кускавы цукар.

куслі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае здольнасць кусацца, джаліць (пра жывёл, насякомых). Ку слівы сабака. Куслівыя пчолы. // Пякучы (пра расліны). Куслівая крапіва. // перан. Які мае здольнасць дапячы, даняць чым‑н.; шкодны, зламысны. Куслівы чалавек.

кусну́ць,

гл. кусануць.

кусо́к, ‑ска, м.

1. Аддзеленая (адбітая, адрэзаная, адламаная і пад.) частка чаго‑н.; кавалак. Кусок цэглы. Кусок сала. Кусок матэрыі. □ Сцёпка адламаў кусок аладкі і стаў есці. Колас. [Міколка] браў кусок бяросты, запальваў яе. Лынькоў. // перан. Сродкі існавання, пажыткі. Будзе раток, будзе і кусок. Прыказка.

2. Наогул частка чаго‑н. [Гудовіч:] Сёння я досыць ладны кусок другога акта аднавіў. Крапіва. — Да гадзіны другой вярнуся, дык яшчэ ў мяне добры кусок дня ў запасе. Гартны.

3. Адзінка некаторых тавараў, што выпускаюцца паштучна. Кусок мыла. Кусок крэйды.

•••

Адрэзаны кусок (кавалак) — пра чалавека, які аддзяліўся ад сям’і, жыве самастойна, незалежна.

Дурня (басяка і пад.) кусок — пра добрага ўвогуле чалавека, які памыляецца або робіць зло толькі ў даным канкрэтным выпадку.

Збіраць кускі (кавалкі) гл. збіраць.

Кусок (кавалак) у горла не лезе (не ідзе) каму — хто‑н. не можа есці ад крыўды, хваробы, стомленасці і пад.

Кусок (кавалак) хлеба — сродкі для існавання, пажыткі.

Смачны кусок (кавалак) — пра што‑н. прывабнае, спакуслівае.

Уварваць кусок (кавалак) гл. уварваць.

кусо́чак, ‑чка, м.

Памянш. да кусок; невялікі кусок. Феня кінулася на кухню, наліла ў талерку булёну, паклала кусочак мяса. Арабей.

куст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Нізкарослая дравяністая расліна, у якой галіны пачынаюцца амаль ад самай паверхні глебы. Куст бэзу. Куст парэчак. Куст маліны.

2. Травяністая расліна, сцябліны якой растуць пучком. Куст быльніку. Куст суніц.

3. перан. Аб’яднанне якіх‑н. прадпрыемстваў, арцелей і пад.

•••

Какаінавы куст — трапічная расліна сямейства какаінавых, лісце якой утрымлівае какаін і іншыя алкалоіды; кока ​2.

Глядзець (пазіраць) у кусты гл. глядзець.

У кусты (хавацца, уцякаць і г. д.) — далей ад адказнасць ад непасрэднага ўдзелу ў справе.

куставы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які расце кустом (у 1, 2 знач.). Куставыя расліны.

2. Які мае адносіны да куста (у 3 знач.). Куставая нарада. Куставыя семінары агітатараў.

кустападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму куста, падобны на куст (у 1, 2 знач.). Кустападобная вярба.

кустарэ́з, ‑а, м.

Машына для расчысткі тэрыторыі ад кустоў і драбналесся.

кустарэ́зны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для выкарчоўвання кустоў. Кустарэзны плуг.