курэ́цца, ‑эецца; незак.
Разм. Тое, што і курыцца (у 1–3 знач.). Туман прынёс аднекуль гарэлае: недзе блізка курэўся пасля пастухоў на вогнішчы корч. Пташнікаў. На вуліцах каля хат снег курэўся, як дым. Краўчанка.
курэ́ць, ‑рыць; незак.
Тое, што і курыцца (у 1–3 знач.). Цыгарка з газеты густа курэла на попельніцы. Хадкевіч. Мокрая зямля пачынала курэць параю. Ракітны. Машына .. неслася па шашы, аж курэў снег. Арабей.
•••
Аж (толькі) пыл курыць гл. пыл.
кус, ‑а, м.
Разм. Кусок, звычайна вялікі. Кус хлеба.
куса́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑сацы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Той, хто кусаецца.
куса́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. кусаць.
кусану́ць і кусну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да кусаць.
куса́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Мець прывычку кусаць (у 1 знач). Сабака кусаецца. // Кусаць каго‑н. Авадні кусаюцца. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. Па вяселлі бабы пытаюцца: — Як? Нявестка добра кусаецца? Бічэль-Загнетава.
2. Кусаць адзін аднаго; грызціся (пра сабак, звяроў).
3. перан. Мець уласцівасць раздражняць, пячы скуру (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). Крапіва кусаецца. □ Мама сказала, што позна, што ноч на дварэ, а мароз сёння гэтак кусаецца, гэтак цісне! Брыль. / Пра каляную тканіну або пра вырабы з грубай шэрсці. Зрэбніца .. [Гальяшу] муляла, кусалася. Гурскі.
куса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Хапаць, раніць зубамі. Сабака дужа злосны, усіх кусае. // Сціскаць, шчыпаць дзюбай (пра птушак). Гусак кусае. // Раніць джалам, хабатком (пра насякомых). Пчолы кусаюць. Мурашкі кусаюць. // Захопліваць, сціскаць зубамі, пакусваць (пры хваляванні і пад.). Алёша бліснуў позіркам у бок Раі, але яна не ўзнімала вачэй ад падручніка і кусала рог хусткі. Шамякін. Марцін сядзеў на драбінках калёс, звесіўшы ногі, і нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Мележ. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. І свой жа брат цябе кусае, Бо кожны выслужыцца хоча. Колас.
2. Захопліваць зубамі, аддзяляць, адкусваць невялікімі кускамі ад чаго‑н. Лукаш апетытна еў з чыгуна бульбяную кашу, кусаў хлеб і запіваў з вялікага белага кубка малаком. Ермаловіч. // Разм. Есці. [Скіба:] Ад учарашняга абеду не кусаў нічога. Крапіва. // Разгрызаць, раскусваць што‑н. цвёрдае. Кусаць арэхі. // Адразаць кавалачкамі. Кусаць дрот.
3. Разм. Моцна раздражняць скуру, пячы (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). У школу ідзе Майка, а мароз такі кусачы, кусае і падганяе. Лынькоў.
•••
Кусаць (сабе) локці — шкадаваць аб чым‑н. упушчаным, непапраўным.
куса́чкі, ‑аў; адз. няма.
Шчыпцы для адкусвання, адразання дроту, цвікоў.
куса́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і куслівы. Вялікія, нейкія рыжыя [камары] і надта ж кусачыя. Сачанка. «Які ж ты кусачы», — прыслухоўваючыся да яго фальцэту, не без злосці думаў Рудчанка. Сіўцоў.