кусаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Хапаць, раніць зубамі. Сабака дужа злосны, усіх кусае. // Сціскаць, шчыпаць дзюбай (пра птушак). Гусак кусае. // Раніць джалам, хабатком (пра насякомых). Пчолы кусаюць. Мурашкі кусаюць. // Захопліваць, сціскаць зубамі, пакусваць (пры хваляванні і пад.). Алёша бліснуў позіркам у бок Раі, але яна не ўзнімала вачэй ад падручніка і кусала рог хусткі. Шамякін. Марцін сядзеў на драбінках калёс, звесіўшы ногі, і нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Мележ. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. І свой жа брат цябе кусае, Бо кожны выслужыцца хоча. Колас.
2. Захопліваць зубамі, аддзяляць, адкусваць невялікімі кускамі ад чаго‑н. Лукаш апетытна еў з чыгуна бульбяную кашу, кусаў хлеб і запіваў з вялікага белага кубка малаком. Ермаловіч. // Разм. Есці. [Скіба:] Ад учарашняга абеду не кусаў нічога. Крапіва. // Разгрызаць, раскусваць што‑н. цвёрдае. Кусаць арэхі. // Адразаць кавалачкамі. Кусаць дрот.
3. Разм. Моцна раздражняць скуру, пячы (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). У школу ідзе Майка, а мароз такі кусачы, кусае і падганяе. Лынькоў.
•••
Кусаць (сабе) локці — шкадаваць аб чым‑н. упушчаным, непапраўным.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)