Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адчужэ́нне, ‑я, н.

1. Спыненне або адсутнасць блізкасці паміж кім‑н.; аддаленне, адасабленне. Хоць.. адкрытых канфліктаў між.. [Аўгіняй і Евай] і не бывала, але іх раздзяліла мяжа адчужэння. Колас.

2. Спец. Дзеянне паводле дзеясл. адчужаць (у 2 знач.).

•••

Паласа адчужэння гл. паласа.

адчу́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адчуць. Я доўга выношваў цьмяна адчутую патрэбу штосьці ўзнікшае зразумець і сказаць. Гарбук.

адчу́цца, ‑чуецца; зак.

1. Аказацца пазнаным органамі пачуццяў; пачуцца. Пад нагамі ўпершыню адчулася цвёрдая зямля. Барашка. // Дайсці да свядомасці, стаць зразумелым. Мне адчулася нешта сапраўды новае, вельмі сугучнае нашаму часу. Кулакоўскі. А галоўнае — паўней адчулася радасць працы. Карпаў.

2. Аказацца перажытым кім‑н.; пакінуць след, адбіцца на кім‑, чым‑н. Уздзеянне рэвалюцыйнага руху найбольш ярка адчулася на творчасці Я. Купалы. Ярош.

адчу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што.

1. Пазнаць органамі пачуццяў; пачуць. З вінтоўкаю кінуўся Палазок на афіцэра, але ў гэты ж момант адчуў гарачы боль у левым плячы. Колас. Метраў за трыста ад берага хлопцы адчулі пад нагамі зямлю. Маўр.

2. Зведаць, перажыць што‑н. Васіль зразумеў, што пытанне непрыемна кальнула дзеда, і адчуў сябе ніякавата, пачырванеў. Кулакоўскі. // Усвядоміць, зразумець. Аляксей паглядзеў у сінія Юльчыны вочы і раптам адчуў, што, вядома, Юлька вернецца. Даніленка. У першыя дні.. [Раман] адчуў сябе шчаслівым. Цешча і жонка чым маглі дагаджалі яму. Чарнышэвіч.

•••

Адчуць глебу пад нагамі — знайсці, адчуць чыю‑н. падтрымку.

Даць сябе адчуць гл. даць.

адчыбу́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Разм. Зрабіць што‑н. незвычайнае; такое, што выклікае здзіўленне. [Шарахоўскі:] — Летась «ФД» гэтакі адчыбучылі, Амерыку перакрылі. Шынклер.

адчыкры́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Разм. Адрэзаць, адцяць. [Валько:] — У Міхаліны першай гарод адчыкрыжым. Гэта — палітыка. Закон для ўсіх роўны: кінуў калгасную працу — давай сюды зямлю. Савіцкі. // перан. Рэзва і рэзка сказаць што‑н. Таццяна яшчэ памаўчала з момант, а тады раптам адчыкрыжыла з смелай злосцю. Зарэцкі.

адчы́нены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад адчыніць.

2. у знач. прым. Свабодны для доступу, не зачынены.

•••

Дзверы адчынены перад кім гл. дзверы.

Ламацца ў адчыненыя дзверы гл. ламацца.

адчыні́цца, ‑чыніцца; зак.

1. Адкрыцца (пра акно, дзверы, века скрыні, куфра і пад.). Я адшчапіў кручок, піхнуў рукою форткі. Акно адчынілася, у хату дыхнула вясна. Брыль. У гэты момант адчыніліся вароты, і ў Гарадок уехала фурманка з гнядым касманогім конікам. Ракітны.

2. Тое, што і адкрыцца (у 5 знач.). [Скрылевіч:] Дзякуючы сяму-таму з дужэйшых, улез у Інстытут сельскай гаспадаркі, які тады толькі што адчыніўся. Крапіва.

3. Стаць даступным, магчымым. Свет новы адчыніўся перад Ігнасём ва ўсёй прывабнай і бліскучай прынаднасці. Мурашка.

адчыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

1. Адводзячы, знімаючы або адстаўляючы ўбок тое, чым перакрыты ўваход ці выхад, пройма ў якое‑н. памяшканне, у якую‑н. пасудзіну і пад., зрабіць даступнай унутраную або знешнюю прастору; адкрыць; проціл. зачыніць. Адчыніць хату. □ Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвіце, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў, Алесь і Юрка. Колас. // Зняць накрыўку; адвесці дзверы і пад. Адчыніць вароты. □ Данік не вытрымаў, узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў — не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны. Брыль. // Пусціць у памяшканне, даць увайсці каму‑н. [Рыгор] падняўся на ўсходы да свае кватэры і пазваніў. Ніхто не з’яўляўся адчыніць. Гартны.

2. Тое, што і адкрыць (у 3 знач.). Падабраўшы з сваіх «хлопаў» хлапцоў і дзяўчат, [пан Вашамірскі] адчыніў у сябе студыю. Бядуля. [Андрэй:] — Часцей заязджайце, ды, калі можна, кніжак і газетак нам сюды прышліце: на гэту зіму школку думаем адчыніць. Чарот.

•••

Адчыніць дзверы — а) даць шырокую дарогу для свабоднага паступлення куды‑н., стварыць спрыяльныя ўмовы; б) зайсці, наведаць.

адчыня́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да адчыніцца.

2. Зал. да адчыняць.