Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

курко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да курка. Курковая спружына. // З курком. Курковая стрэльба.

курко́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы; Р мн. ‑ковак; ж.

Разм. Курковая паляўнічая стрэльба. Я пакруціў у руках адну, потым другую стрэльбу. Нічога не скажаш. Двухстволкі. Праўда, куркоўкі. Ермаловіч.

курку́ль, ‑я, м.

1. Селянін-кулак на Украіне.

2. Пагард. Пра хцівага, скупога чалавека. І пасеялі б не пазней, калі б гэты куркуль Пятроў не валаводзіў доўга з насеннем... Сіўцоў.

курку́ма, ‑ы, ж.

Травяністая расліна сямейства імбірных, з карэння якой здабываюць жоўтую фарбу і прыправу для ежы.

[Араб. korkom — жоўты імбір.]

курку́мавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да куркумы. Куркумавы корань.

курлы́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. курлыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Ланцужкі жураўлёў віднеліся ў небе, і адтуль чулася сумнае курлыканне. Чарнышэвіч.

курлы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Ствараць гукі, падобныя на «курлы» (пра жураўлёў). Не спяшаючыся цякла Біць, а ў высокім сінім небе журботна курлыкалі журавы. Навуменка. // Пераймаць крык жураўля.

курлы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да курлыкаць.

ку́рна,

1. Прысл. да курны.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць дыму, копаці дзе‑н., на чым‑н. На сцены [Богут] Глянуў — курна, чорна. Колас.

ку́рніца, ‑ы, ж.

Уст. Курная хата. У сярэдзіне хата нагадвала даўнейшую курніцу. Зарэцкі.