адцясня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да адцясніць.
адця́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адцяць.
адця́ць, адатну, адатнеш, адатне; адатнём, адатняце; зак., што.
Адсячы, адрэзаць. Пчолы ўраз сабралі сілы Ды адцялі шэршню крылы. Калачынскі. / у безас. ужыв. Суджана хлапцу: быў малым — дурным, падсадзіў пальцы ў сячкарню, дык яму іх адцяла. Кулакоўскі. Беспрацоўны пры немцах тэлеграфіст Сіла Прохаравіч, якому адцяла нагу гадоў дваццаць назад, калі ён яшчэ ездзіў кандуктарам, узяўся за такую невысокую плату грэць і падносіць ваду. Навуменка.
адцячы́, ‑цячэ, ‑цякуць; пр. адцёк, ‑цякла, ‑цякло; зак.
Сцякаючы, перамясціцца (аб вадкіх і сыпучых целах); адхлынуць. Кроў адцякла.
адча́й, ‑ю, м.
1. Стан крайняй безнадзейнасці, упадку духу з прычыны гора, непрыемнасці; роспач. «Што рабіць, што рабіць?» — у адчаі шаптала .. [Антаніна] і кінулася ў канюшню, што стаяла поруч, да Лявона. Васілевіч. Ах, як.. [Жэні] цяжка было сказаць апошнія словы! Яна вымавіла іх з горыччу і нават з адчаем. Мележ. Фінал .. большасці навел Мапасана — беспрасветны адчай. Галавач.
2. Рашучасць, адвага, вялікая рызыка, безразважная храбрасць. Адзін немец трымаў лескі, а другі, ускарабкаўшыся па іх пад самую страху, сцягваў з сена нейкую жанчыну. Жанчына з адчаем адбівалася. Колас. Вада ў лодцы ўсё прыбывала, і ніякая сіла ўжо не магла спыніць яе. Са злым адчаем выбіваліся з сіл Федзя і Ільюша. Каваль. Камандзір палка толькі дзівіўся адчаю і смеласці хлапцоў і Ганны. Нікановіч.
адча́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Паддавацца адчаю, траціць надзею, падаць духам. [Багуцкі:] — А вы не адчайвайцеся, пан шэф. У вас такія заваёвы! Лынькоў. [Усевалад:] — Не, я не адчайваюся, ты ж бачыш. Толькі неяк крыўдна трохі — чаму такая несправядлівасць? Мне здаецца, будучыня — гэта перш за ўсё хараство. Скрыган.
2. Рашацца, адважвацца на што‑н. смелае, рызыкоўнае.
адча́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны адчаю, адчайнасці; роспачны. — Мама! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка.
2. Рашучы, адважны, безразважны; небяспечны, рызыкоўны, дзёрзкі. [Пятра] апанавала неразумная адчайная адвага. Шамякін. Адчайная думка застраміла кухару мазгі, і ён паманіў князёвага ката выстаўленымі пальцамі. Гарэцкі.
адчака́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адчаканіць.
адчака́ніцца, ‑віцца; зак.
1. Стаць гатовым, атрымацца ў выніку чаканні.
2. перан. Выразна вырысавацца. На сцяне адчаканіліся вокны.