адтрэ́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адтрапаць.
адтрэ́сці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; пр. адтрос, ‑трасла, ‑трасло; зак., што.
1. Моцна ўстрэсваючы што‑н., выдаліць (пыл, гразь і інш.).
2. Пашкодзіць трасеннем. Адтрэсці сабе ўсё нутро па дрогкай дарозе.
адту́ліна, ‑ы, ж.
Адкрытае пустое месца ў чым‑н. суцэльным; дзірка, шчыліна, праход, пройма. Праз адтуліну ў дзвярах прабіваўся сцюдзёны струмень. Савіцкі. Антось падбег да акна, спіной засланіў разбітую шыбу і азірнуўся, шукаючы вачыма рэч, якая б магла заткнуць адтуліну. Мележ. [Казік] нават чуў, як два разы скрыгануў ключ у адтуліне замка. Чарнышэвіч.
адту́ль, прысл.
З таго месца, з таго боку. Вецер дзьме не ад нас, а насустрач, з балота, — адтуль павінен з’явіцца той, каго мы чакаем. В. Вольскі. Нарэшце Пацейчык развязаў торбу і дастаў адтуль хлеб і кусок сала. Чорны.
адту́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Прайсці пэўную адлегласць. [Мікалай:] — Пехатой вёрст трыццаць.. адтупаў. Пальчэўскі.
2. Скончыць, перастаць хадзіць па якой‑н. прычыне. Адтупаў, адхадзіў сваё па зямлі дарагі чалавек — маці. Ракітны.
адтушава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адтушаваць.
адтушава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; зак., што.
Тушуючы, налажыць цені на малюнак.
адтушо́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адтушоўваць — адтушаваць.
адтушо́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да адтушоўваць.
адтушо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адтушаваць.