Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кула́н, ‑а, м.

Дзікі азіяцкі асёл. Ці многія ведаюць, што тыя ж сухія туркменскія сталы Бадхыза з рэдкімі зараснікамі тамарыску з’яўляюцца ў нас адзіным месцам, дзе можна ўбачыць на волі табуны куланаў — дзікіх аслоў? В. Вольскі.

[Цюрк.]

кула́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кулака ​2, належыць яму. Кулацкая гаспадарка. Кулацкі двор. // Які складаецца з кулакоў. Кулацкая хеўра. // Уласцівы кулаку. Кулацкая псіхалогія.

кула́цтва, ‑а, н., зб.

Кулакі (гл. кулак ​2). Ліквідацыя кулацтва як класа.

кула́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да кулак ​2.

кула́чкі,

У выразе: ісці на кулачкі — біцца кулакамі, ўдзельнічаць у кулачным баі.

кулачко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кулачка ​1 (у 2 знач.). Кулачковы вал.

кула́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кунака ​1 (у 1 знач.), ажыццяўляецца кулакамі. Кулачны бой.

•••

Кулачнае права гл. права.

кулачо́к 1, ‑чка, м.

1. Памянш.-ласк. да кулак ​1 (у 1 знач.).

2. Тое, што і кулак ​1 (у 3 знач.).

кулачо́к 2, ‑чка, м.

Незаможны, дробны кулак.

кулаччо́, ‑а, н., зб.

Пагард. Кулакі (гл. кулак ​2). Ціха, агідна шапталася заядлае кулаччо вясковае. Нікановіч.

куле́ць, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў кульнуцца, кульнуць. Крывёю заліўся Жаўнер ля дзвярэй. Кулець за парог і другі, нібы сноп. Вялюгін.