Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

крыжо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да крыжа (у 1–5 знач.).

2. Які па форме нагадвае крыж. Крыжавае скляпенне.

•••

Крыжовы паход гл. паход.

кры́жык, ‑а, м.

1. Памянш. да крыж (у 1, 4 знач.); маленькі крыж. Яніна здымае з сябе залаты крыжык. Козел. — А ты хоць які крыжык заслужыў? Грахоўскі.

2. Тое, што і крыж (у 3 знач.). На графіку з’яўляюцца ўсё новыя і новыя лініі, рыскі, крыжыкі, кружочкі, лічбы. Васілёнак.

крыз, ‑у, м.

Раптоўнае рэзкае абвастрэнне захворвання. Гіпертанічны крыз.

[Ад фр. crise — прыступ.]

кры́зіс, ‑у, м.

1. Рэзкі пералом, пераходны стан, абвастрэнне становішча. Адчуваецца крызіс мяшчанскай сям’і, што існуе на маральных асновах старой патрыярхальнай Расіі. «Полымя».

2. Пераломны момант у ходзе хваробы, які вядзе да паляпшэння або пагаршэння стану хворага. Звычайнае запаленне лёгкіх, расказваў доктар, крызіс прайшоў, чалавек, з дапамогай медыцыны, мінуў смяротны рубікон. Ермаловіч.

3. Перыядычная перавытворчасць тавараў у капіталістычнай гаспадарцы, якая вядзе да разарэння дробных вытворцаў, да скарачэння вытворчасці, да павелічэння колькасці беспрацоўных. Эканамічны крызіс. Прамысловы крызіс.

4. Недахоп чаго‑н., цяжкасці з чым‑н. Паліўны крызіс. Жыллёвы крызіс. // Разм. Цяжкае становішча, безграшоўе. Крызіс з грашамі.

•••

Палітычны крызіс — палітычнае становішча, якое характарызуецца рэзкім абвастрэннем класавай барацьбы працоўных супраць пануючай эксплуататарскай вярхушкі і няздольнасцю апошняй кіраваць грамадствам.

Урадавы крызіс — перыяд, калі пытанне аб адстаўцы старога ўраду рашылася, а новы ўрад яшчэ не сфарміраваўся.

[Ад грэч. krísis — рашэнне, прыгавор.]

кры́зісны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крызісу. Крызісны момант. Крызіснае становішча.

крык, ‑у, м.

1. Вельмі моцны, рэзкі гук голасу. Бывала, ўлетку, ў час рабочы Не раз там чуўся крык вясёлы: — Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы! Колас. // Плач уголас (пра дзяцей). — Ма-ма! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. // Пра рэзкія гукі, якія ўтвараюцца птушкамі, жывёламі. Жураўліны крык. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.

2. перан.; чаго. Моцнае праяўленне якога‑н. пачуцця. — Страшна! — тут ужо Іван Васільевіч насцярожыўся, бо словы дачкі не здаліся жартам — крык душы. Шамякін.

3. Папрокі, нападкі рэзкім, павышаным тонам; сварка, лаянка. Падняць крык. □ — С-слухай... як цябе там... танцор... Ведаеш, не магу я глядзець на тваю работу... — І перайшоў на крык, прарэзлівы, хрыплы: — Брыгадзір! Дзе брыгадзір?! Вышынскі.

•••

(Апошні) крык моды — пра модную навінку [пераклад з фр. dernier cri (de la mode).]

крыке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

Гульня ў мяч, пры якой ігракі, падзяліўшыся на дзве групы, імкнуцца збіць мячом вароты праціўніка (тры слупкі з перакладзінкамі).

[Англ. cricket.]

крыклі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць крыклівага. Крыклівасць голасу.

крыклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа крычыць, любіць крычаць, гучна гаварыць. Крыклівае дзіця. □ Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. Меў .. [Ніканор] пяток дзяцей і крыклівую бабу. Яна заўсёды крычала па яго, што ён гультай. Бядуля.

2. Гучны, моцны, прарэзлівы (пра голас, гукі). Крыклівы голас. // Які мае такі голас, з такім голасам. У густых верхавінах елак цэлымі днямі кружацца ля сваіх гнёздаў крыклівыя вароны, нібы сварацца між сабой. Якімовіч.

3. Які суправаджаецца крыкам; шумны, сварлівы. Крыклівая размова.

4. перан. Які прымушае звярнуць на сябе ўвагу сваёй яркасцю, стракатасцю. Крыклівая рэклама. □ Фінця Паўлаўна прытрымлівалася ранейшага рэжыму і заставалася прыгожай. Аднак увесь гэты нейлон, перлон цяпер на ёй быў крыклівы. Грамовіч. [Візэнера] не радавалі крыклівыя паведамленне аб паспяховым наступленні нямецкіх войск... Чаго варта гэтае наступленне. Шамякін.

кры́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да крычаць (у 1, 3 знач.).