Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

крыгало́м, ‑у, м.

Перыяд, калі пачынае ламацца лёд на рэках. Грукоча крыгалом, нібыта кананада. Вялюгін.

крыгахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Рух лёду па цячэнню рэк вясной (у час раставання) і восенню (у час замярзання). На рацэ з грукатам і стогнам, падобным на далёкае водгулле гармат, прашумеў крыгаход, і праз два дні паводка аж да далягляду заліла прырэчныя лугі і палеткі. Краўчанка. На рэчцы крышацца ільдзіны, У белай пене крыгаход. Матэвушаў.

крыгахо́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крыгаходу. Крыгаходны перыяд.

крыж, ‑а; мн. крыжы, ‑оў; м.

1. Сімвал і прадмет культу хрысціянскай рэлігіі ў выглядзе металічнага стрыжня або драўлянага бруса з адной або дзвюма папярочнымі перакладзінамі. Надмагільны крыж. □ Бліскучыя крыжы над светла-зялёнымі купаламі відаць ажно ў Галынцы. Брыль.

2. Малітоўны жэст хрысціян рухам правай рукі, падобны да такога прадмета. — Праўду кажу... Вось табе крыж, калі не верыш, — і дзядок перахрысціўся. Гамолка.

3. Прадмет у выглядзе фігуры з дзвюх палак ці брускоў, якія перасякаюцца. Крыж для елкі. // Метка, значок з дзвюх ліній, якія перасякаюцца. Знізу красаваўся няроўны, выведзены неспрактыкаванаю рукой крыжык, падобны хутчэй на козлы, чым на крыж. Якімовіч.

4. Знак узнагароды, ордэн у форме такога прадмета. Генерал ўручыў салдату Хамутоўскаму ўзнагароду за храбрасць — крыж на георгіеўскай стужцы. Курто. У ложы паблісквалі маноклі і ордэнскія крыжы генералаў. Мехаў.

5. Ніжняя частка хрыбетніка, якая складаецца з пяці пазванкоў, злучаных з касцямі таза. Конь натурыцца і не хоча ісці. Кабета злуецца і сячэ пугаю яго па баках, па крыжы... Сачанка.

6. перан. Пра цяжкі лёс, які выпаў на долю каго‑н. «Памдзей», прыбіты і прыгнуты, Цярпліва зносіць крыж пакуты, Стаіць, у дол спусціўшы вочы. Колас.

7. у знач. прысл. кры́жам. Раскінуўшы рукі, крыжападобна. Галавой да сцяны, раскінуўшы чорныя, аголеныя да локцяў рукі, крыжам ляжаў чалавек. Брыль.

•••

Чырвоны Крыж — тое, што і Таварыства Чырвонага Крыжа (гл. таварыства).

Крыж-накрыж — а) адно цераз другое (валіць, класці); б) у форме крыжа (ляжаць, размяшчацца).

Несці крыж гл. несці.

Ставіць крыж гл. ставіць.

крыжа...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «крыж», напрыклад: крыжападобны, крыжакветны.

крыжава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны крыжападобна, крыж-накрыж. З маёнтка Зоська пускаецца ў панскую каплічку, якая стаіць недалёка на крыжаванай дарозе. Бядуля.

2. Які адбываецца адразу з некалькіх пунктаў; перакрыжаваны. Крыжаваны агонь.

крыжава́цца, ‑жуецца; незак.

Размяшчацца крыж-накрыж, перасякацца. Як жа здзівіліся і ўзрадаваліся прыяцелі, калі, па шчаслівай выпадковасці, сустрэліся на дарозе, там.. дзе яна крыжавалася з павароткаю на вакзал! Колас. / у перан. ужыв. Мінулае і сучаснасць крыжуюцца на ўсім працягу рамана. Юрэвіч.

крыжава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; незак., што.

1. Складваць крыжам, размяшчаць крыжнакрыж. Крыжаваць на грудзях рукі. □ Лес мы крыжавалі каля Чорнай рэчкі. Хведаровіч. / у перан. ужыв. У «Снежных зімах» Шамякін даволі ўдала крыжуе розныя стылёвыя плоскасці дзеля дасягнення галоўнай мэты. Юрэвіч.

2. Распінаць на крыжы.

крыжаві́к, ‑а, м.

Павук з крыжападобным рысункам са светлых плямаў на спіне.

крыжаві́на, ‑ы, ж.

1. Дзве планкі, два брусы і пад., змацаваныя ў форме крыжа. Крыжавіна рамы. □ Пры ўваходзе ў горад на ўсіх вуліцах былі пастаўлены крыжавіны з рэек і ўкапаны надаўбні. Сабаленка.

2. Прыстасаванне на месцы перасячэння рэйкавых пуцей для пераводу цягніка на другі пуць. Грукаючы на крыжавінах, цягнік прайшоў міма ўваходных стрэлак, паступова суцішаючы ход. Мележ.