крыж, ‑а; мн. крыжы, ‑оў; м.

1. Сімвал і прадмет культу хрысціянскай рэлігіі ў выглядзе металічнага стрыжня або драўлянага бруса з адной або дзвюма папярочнымі перакладзінамі. Надмагільны крыж. □ Бліскучыя крыжы над светла-зялёнымі купаламі відаць ажно ў Галынцы. Брыль.

2. Малітоўны жэст хрысціян рухам правай рукі, падобны да такога прадмета. — Праўду кажу... Вось табе крыж, калі не верыш, — і дзядок перахрысціўся. Гамолка.

3. Прадмет у выглядзе фігуры з дзвюх палак ці брускоў, якія перасякаюцца. Крыж для елкі. // Метка, значок з дзвюх ліній, якія перасякаюцца. Знізу красаваўся няроўны, выведзены неспрактыкаванаю рукой крыжык, падобны хутчэй на козлы, чым на крыж. Якімовіч.

4. Знак узнагароды, ордэн у форме такога прадмета. Генерал ўручыў салдату Хамутоўскаму ўзнагароду за храбрасць — крыж на георгіеўскай стужцы. Курто. У ложы паблісквалі маноклі і ордэнскія крыжы генералаў. Мехаў.

5. Ніжняя частка хрыбетніка, якая складаецца з пяці пазванкоў, злучаных з касцямі таза. Конь натурыцца і не хоча ісці. Кабета злуецца і сячэ пугаю яго па баках, па крыжы... Сачанка.

6. перан. Пра цяжкі лёс, які выпаў на долю каго‑н. «Памдзей», прыбіты і прыгнуты, Цярпліва зносіць крыж пакуты, Стаіць, у дол спусціўшы вочы. Колас.

7. у знач. прысл. кры́жам. Раскінуўшы рукі, крыжападобна. Галавой да сцяны, раскінуўшы чорныя, аголеныя да локцяў рукі, крыжам ляжаў чалавек. Брыль.

•••

Чырвоны Крыж — тое, што і Таварыства Чырвонага Крыжа (гл. таварыства).

Крыж-накрыж — а) адно цераз другое (валіць, класці); б) у форме крыжа (ляжаць, размяшчацца).

Несці крыж гл. несці.

Ставіць крыж гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)