Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разара́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разараць ​1.

разара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разарыцца.

2. Зал. да разараць ​2.

разара́ць 1, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што.

Аручы, раскінуць (плугам зямлю). Разараўшы шэсць баразён, па дзве на выбіральшчыка, выпраг [Андрэй] з плуга каня і закурыў. Чарнышэвіч.

разара́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разарыць.

разарва́насць, ‑і, ж.

Адсутнасць сувязі паміж кім‑, чым‑н.; адсутнасць цэласнасці, раз’яднанасць. Разарванасць тэрыторыі пашырэння якой‑н. з’явы. □ Так у супярэчлівых адносінах да працы праяўляецца разарванасць псіхікі чалавека буржуазнага ладу. У. Калеснік.

разарва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разарваць.

2. у знач. прым. Парваны, разадраны. Разарваны мех. □ — Толькі вось разлупіў... — Федзя павярнуўся да хлопцаў спінай, паказваючы разарваныя ніжэй пояса штаны. Ваданосаў. І цені белых вадзяных лілей на дне става былі, як заўсёды, чамусьці не круглыя, а нагадвалі разарваныя пальмавыя лісты. Караткевіч. // Пашкоджаны выбухам. Варожы танк нерухома застыў з разарванымі гусеніцамі. Гурскі.

3. у знач. прым. Адрывачны, пазбаўлены сувязі, цэласнасці. Разарваныя фразы.

разарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Раздзяліцца на часткі ад рыўка, рэзкага руху. Цыгарка ў .. [Машы] разарвалася, і махорка высыпалася на зямлю. Шамякін. І вось металічны канат, які павінен абавязкова разарвацца, калі па ім пройдуць ролікі нагружанай скрыні, узнят на мачту. Даніленка. // Дарвацца ў адным або некалькіх месцах. Кашуля разарвалася.

2. Узарваўшыся, распасціся на часткі. Недзе зусім блізка разарваўся снарад. Шамякін. Проста перад танкам разарвалася граната, не даляцеўшы да яго. Чорны. Ён жа думаў пра смерць, Пра сваю, калі раптам снарадам Разарвецца зямля пад нагамі І вочы агнём апячэ. Бураўкін.

3. Стаць несуцэльным, разамкнутым, з разрывам. Вярсты праз дзве лес з аднаго боку дарогі зноў разарваўся вясёлаю палянкаю. Колас. Кабрыялет спускаўся да рачулкі па спадзістым адхоне. Лазняк па берагах разарваўся, паказаўшы драўляны масток. Караткевіч. Калона пахіснулася і разарвалася. Жычка.

4. перан. Спыніцца, парушыцца. Сувязі разарваліся.

5. перан. Пра неабходнасць выканаць адразу мноства спраў, пабываць адразу ў многіх месцах. Старая ледзь не разарвецца: і бульбу свінням у карыце сячэ, і бліны скідае, і мые цадзілку. Васілевіч. Магдалена не магла разарвацца. Ёй усюды трэба было паспець. Чорны.

•••

Хоць разарвіся — ужываецца пры ўказанні на незвычайна вялікую занятасць, неабходнасць быць адразу ў некалькіх месцах.

разарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рэзкім рухам, рыўком (рыўкамі) раздзяліць на часткі; разадраць. Я .. зняў кашулю, разарваў яе і пачаў ладаваць перавязку. Якімовіч. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда. // Прарваць што‑н. у адным або некалькіх месцах. [Аксане] мог на ўвесь дзень сапсаваць настрой няўдала звараны боршч ці тое, што Галя ўпала і разарвала сукенку. Васілевіч. // Парваўшы, распячатаць. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка. // перан. Раптоўна і рэзка парушыць (цішыню, змрок і пад. — пра рэзкія гукі, яркае святло і пад.). Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню на паляне. Лынькоў. Слупы агню і дыму разарвалі начную цемру... «Маладосць». // Утварыць разрыў або разрывы ў чым‑н., паміж чым‑н. Прыляцелі ветры, разарвалі хмары, разагналі іх па небе. Галавач.

2. Парваўшы на часткі, кавалкі, забіць; задраць. Рэдка сюды [у лес] хто заглядаў.. Магчыма, прычынаю гэтаму было тое, што ўсяго тры гады назад ваўкі сярод дня разарвалі тут лесніка. Шамякін. Жанчыны накінуліся на .. [паліцая] з усіх бакоў і, каб не партызаны, разарвалі б па месцы. Мележ.

3. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Узрывам разнесці на часткі, асколкі. Жалезнымі аскабалкамі прасвісталі ў паветры часткі разарванага катла і платформы. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Снарадам разарвала чалавека.

4. перан. Спыніць, парваць (адносіны, сувязь і пад.). Разарваць дыпламатычныя адносіны. □ Няўжо нельга зрабіць так, каб не разарваць дружбы? Шамякін.

•••

Каб цябе (яго, яе) разарвала (лаянк.) — ужываецца як нежаданне непрыемнасці, няшчасця каму‑н.

разаро́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разарыць.

раза́рый, ‑я, м.

Разм. Тое, што і ружоўнік. [Купала] .. вадзіў аглядаць сад, зусім па-дзіцячы радуючыся даволі вялікаму разарыю, якім ён асабліва ганарыўся. Лужанін.

разары́цель, ‑я, м.

Той, хто разарае каго‑, што‑н.