разарвацца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Раздзяліцца на часткі ад рыўка, рэзкага руху. Цыгарка ў .. [Машы] разарвалася, і махорка высыпалася на зямлю. Шамякін. І вось металічны канат, які павінен абавязкова разарвацца, калі па ім пройдуць ролікі нагружанай скрыні, узнят на мачту. Даніленка. // Дарвацца ў адным або некалькіх месцах. Кашуля разарвалася.

2. Узарваўшыся, распасціся на часткі. Недзе зусім блізка разарваўся снарад. Шамякін. Проста перад танкам разарвалася граната, не даляцеўшы да яго. Чорны. Ён жа думаў пра смерць, Пра сваю, калі раптам снарадам Разарвецца зямля пад нагамі І вочы агнём апячэ. Бураўкін.

3. Стаць несуцэльным, разамкнутым, з разрывам. Вярсты праз дзве лес з аднаго боку дарогі зноў разарваўся вясёлаю палянкаю. Колас. Кабрыялет спускаўся да рачулкі па спадзістым адхоне. Лазняк па берагах разарваўся, паказаўшы драўляны масток. Караткевіч. Калона пахіснулася і разарвалася. Жычка.

4. перан. Спыніцца, парушыцца. Сувязі разарваліся.

5. перан. Пра неабходнасць выканаць адразу мноства спраў, пабываць адразу ў многіх месцах. Старая ледзь не разарвецца: і бульбу свінням у карыце сячэ, і бліны скідае, і мые цадзілку. Васілевіч. Магдалена не магла разарвацца. Ёй усюды трэба было паспець. Чорны.

•••

Хоць разарвіся — ужываецца пры ўказанні на незвычайна вялікую занятасць, неабходнасць быць адразу ў некалькіх месцах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)