разарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.
1. Рэзкім рухам, рыўком (рыўкамі) раздзяліць на часткі; разадраць. Я .. зняў кашулю, разарваў яе і пачаў ладаваць перавязку. Якімовіч. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда. // Прарваць што‑н. у адным або некалькіх месцах. [Аксане] мог на ўвесь дзень сапсаваць настрой няўдала звараны боршч ці тое, што Галя ўпала і разарвала сукенку. Васілевіч. // Парваўшы, распячатаць. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка. // перан. Раптоўна і рэзка парушыць (цішыню, змрок і пад. — пра рэзкія гукі, яркае святло і пад.). Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню на паляне. Лынькоў. Слупы агню і дыму разарвалі начную цемру... «Маладосць». // Утварыць разрыў або разрывы ў чым‑н., паміж чым‑н. Прыляцелі ветры, разарвалі хмары, разагналі іх па небе. Галавач.
2. Парваўшы на часткі, кавалкі, забіць; задраць. Рэдка сюды [у лес] хто заглядаў.. Магчыма, прычынаю гэтаму было тое, што ўсяго тры гады назад ваўкі сярод дня разарвалі тут лесніка. Шамякін. Жанчыны накінуліся на .. [паліцая] з усіх бакоў і, каб не партызаны, разарвалі б па месцы. Мележ.
3. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Узрывам разнесці на часткі, асколкі. Жалезнымі аскабалкамі прасвісталі ў паветры часткі разарванага катла і платформы. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Снарадам разарвала чалавека.
4. перан. Спыніць, парваць (адносіны, сувязь і пад.). Разарваць дыпламатычныя адносіны. □ Няўжо нельга зрабіць так, каб не разарваць дружбы? Шамякін.
•••
Каб цябе (яго, яе) разарвала (лаянк.) — ужываецца як нежаданне непрыемнасці, няшчасця каму‑н.