мы́ліца, ‑ы, ж.
Палка з папярочынамі ўверсе і ў сярэдняй частцы, на якую апіраецца рукою бязногі або з хворай нагою чалавек. Стаяла двое калек-салдат — адзін на двух мыліцах, другі — на драўлянай назе. Гартны. Малады яшчэ хлопец у армейскай форме, у фуражцы з зоркай, з-пад якой бялеў кучаравы чуб, крочыў на мыліцах, асцярожна перастаўляючы правую нагу. Хадкевіч.
мы́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
1. Намыльваць сябе мылам.
2. Распускаючыся ў вадзе, даваць пену. Глей аж сіні, мыліцца, як сапраўднае мыла. Ваданосаў.
3. Зал. да мыліць.
мы́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
1. каго-што. Намыльваць мылам з вадою. Пакуль [Юхневіч] мыліў і мыў рукі, ад якіх ішоў пах бензіну, сястра Андрэя пачысціла яму пінжак. Савіцкі.
2. што. Распускаць мыла ў вадзе. Мыліць ваду.
мы́лкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і якасць мылкага.
мы́лкі, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка распускаецца ў вадзе, дае многа пены. Мылкае мыла. // Які добра распускае ў сабе мыла; у склад якога ўваходзіць многа мыла. Мылкая вада.
мы́льнік, ‑а, м.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства гваздзіковых, у карэннях якой знаходзіцца сапанін.
мы́льніца, ‑ы, ж.
Каробачка ці спецыяльны сподак для мыла. Віктар Паўлавіч у піжаме, з прыгожым калматым ручніком, з блакітнай мыльніцай прайшоў на кухню. Шамякін.
мы́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мыла (у 1 знач.), уласцівы яму. // У склад якога ўваходзіць мыла. Мыльны парашок. // Які ўтвараецца з распушчанага ў вадзе мыла. Мыльная пена.
2. Нацёрты мылам (у 1 знач.); намылены.
мыля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
Абл. Рабіць памылкі, памыляцца. Дзеці мардаваліся, мыляліся, некаторыя плакалі, пішучы гэтае слова. Колас.
мыля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
Варушыць губамі. [Суддзя] надзімаўся, як індык, нешта хацеў сказаць, але ў разгубленасці толькі мыляў губамі. Лынькоў.