Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

му́штра, ‑ы, ж.

Метад ваеннага навучання, заснаваны на механічнай дысцыпліне і бяссэнсавым завучванні прыёмаў ваеннай справы; само такое навучанне. [Міна Кіташ:] — Абараняць цара.. мне доўга не давялося. Тры месяцы муштры ў запасным палку пад Клязьмай, тыдзень дарогі да Мазурскіх балот, два дні ў акопах і пяць хвілін атакі — вось і ўвесь мой баявы шлях. Жычка. // Вельмі строгі метад выхавання; навучанне, абучэнне такім метадам.

[Польск. musztra ад ням. mustern — рабіць агляд.]

муштрава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. муштраваць.

муштрава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад муштраваць.

муштрава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да муштраваць.

муштрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго.

1. Навучаць ваеннай справе жорсткімі метадамі, заснаванымі на механічнай дысцыпліне. Два тыдні яго, навабранца, муштравалі ў павятовым горадзе, навучылі разбіраць і складаць вінтоўку, страляць, аддаваць чэсць афіцэрам і адправілі на Заходні фронт у акопы. Чарнышэвіч. // Выхоўваць, навучаць залішне строга і сурова. Даходзілі да Кастуся чуткі і пра тое, што вучыцца .. [у семінарыі] нялёгка, выкладчыка муштруюць вучняў. С. Александровіч.

2. Мучыць несправядлівымі патрабаваннямі. Быў Міха себялюб і ганарлівец. Старэйшы ў сям’і, ён часта без дай прычыны муштраваў сваю малодшую сястру.. і брата. Паслядовіч.

муштро́ваны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і муштраваны.

муштро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. муштраваць.

му́штры, ‑аў; адз. няма.

Разм. Прыдзіркі, празмерныя патрабаванні.

мушту́к, ‑а, м.

1. Невялікая трубачка (пластмасавая, касцяная, бурштынавая або драўляная), у якую ўстаўляюцца папяросы, цыгарэты. Тодар Шалюта сядзеў моўчкі, апусціўшы галаву з касым клінам валасоў на лбе, і з маруднай паважнасцю ўладкоўваў палавінку [цы]гарэты ў жоўты бурштынавы муштук. Дуброўскі. // Цвёрдая, свабодная ад тытуню частка папяроснай гільзы, якую бяруць у рот пры курэнні. Глянула [маці] на попельніцу і моўчкі пакруціла галавой: там адзін у адзін ляжалі муштукі.. папярос. Кулакоўскі. // Тое, што і цыбук (у 1 знач.).

2. Тое, што і цуглі. Па горкай сцежцы цокаюць падковы, Гарачы конь кусае муштукі. Грахоўскі.

3. Дэталь духавога музычнага інструмента, якую ў час ігры бяруць у рот або прыкладваюць да губ. — Хлопцы, вальс атрымліваецца! — размахваючы кларнетам, выгукнуў Андрэй і зноў прыставіў муштук інструмента да губ. Пянкрат.

муштуко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да муштука.