Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

муць, ‑і, ж.

1. Дробныя часцінкі, якія не раствараюцца ў вадкасці і робяць яе непразрыстай, мутнай; каламуць.

2. перан. Туман, смуга; імгла. Газік коўзаецца тубы-сюды і паволі, як бы вобмацкам, сунецца скрозь густую, жаўтаватую ад святла фар, муць. Дуброўскі. Шэрая мітуслівая муць павісла над галавою, завалакла далеч. Сачанка.

3. перан. Разм. Аб цяжкім душэўным стане. Але што будзе заўтра? Веньямін ведае, што будзе. Боль у галаве і муць на душы. Навуменка.

му́чанік, ‑а, м.

1. Той, хто перанёс ці пераносіць якія‑н. мукі. [Марыля:] Здаровы, хлопчыкі, здаровы, мучанікі нашы, малайцы адважных. Колас.

2. У хрысціян — кананізаваны царквой святы, які перанёс цяжкія мукі за веру. Святыя мучанікі.

муча́нік, ‑а, м.

Народная назва талакнянкі.

му́чаніца, ‑ы, ж.

Жан. да мучанік.

му́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад мучыць.

мучні́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мучністага.

мучні́сты, ‑ая, ‑ае.

Падобны чым‑н. на муку. Мучністы пыл.

•••

Мучністая раса гл. раса.

мучны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да мукі, прызначаны для мукі. Вось ужо апошняя прама, крама мучная, а далей пойдуць хаты земляробаў. Пестрак.

2. Прыгатаваны з мукі. Мучны клей. // у знач. наз. мучно́е, ‑ога, н. Ежа з мукі.

мучы́ца, ‑ы, ж.

Разм. Памянш.-ласк. да мука.

мучы́цель, ‑я, м.

Той, хто мучыць каго‑н. Праз крывавы туман .. [Валодзя] назіраў за раз’юшанымі тварамі сваіх мучыцеляў і адчуваў да іх глыбокую нянавісць і пагарду. Пятніцкі.

мучы́целька, ‑і, ДМ ‑льны; Р мн. ‑лек; ж.

Разм. Жан. да мучыцель.