Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

му́фтачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да муфта (у 1 знач.).

2. Спец. Тое, што і муфта (у 2 знач.); невялікая муфта.

му́фтый, ‑я, м.

Вышэйшая духоўная асоба ў мусульман, якая надзелена правам выносіць рашэнні па рэлігійна-юрыдычных пытаннях; тлумачальнік карана.

[Араб. mufti.]

му́ха, ‑і, ДМ мусе, ж.

Шырокараспаўсюджанае двухкрылае насякомае, якое часта з’яўляецца пераносчыкам узбуджальнікаў інфекцыйных хвароб.

•••

Гесенская муха — камарападобнае насякомае атрада двухкрылых, небяспечны шкоднік хлебных злакаў.

Шпанская муха — а) невялікі жучок, шкоднік лісцевых дрэў і кустоў; б) пластыр з высушанага і здробненага гэтага жучка; выкарыстоўваецца ў медыцыне.

Быць пад мухаю гл. быць.

З мухамі (у носе) — з норавам.

Мухі дохнуць — пра каго‑н. вельмі сумнага, нуднага або што‑н. вельмі сумнае, нуднае.

Мухі не пакрыўдзіць гл. пакрыўдзіць.

Рабіць з мухі слана гл. рабіць.

мухае́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Насякомае атрада восаў, якое корміць сваіх лічынак мухамі.

мухало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.

1. Прыстасаванне для лоўлі мух.

2. Невялікая птушка сямейства вераб’іных, якая корміцца насякомымі і павукамі.

3. Членістаногая жывёліна-мнаганожка, якая ловіць мух і іншых насякомых.

4. Разм. Тое, што і расянка.

мухамо́р, ‑а, м.

Ядавіты грыб з чырвонай або жоўтай шапкай у белыя крапіны. Пад высокай старой вярбой разраслася пышная сям’я мухамораў. Бядуля.

мухая́р, ‑у, м.

Гіст. Баваўняная тканіна з дабаўленнем шэрсці або шоўку. З мухаяру шылі сурдуты.

[Араб. muhajjar.]

мухая́равы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мухаяру. Мухаяравая тканіна. // Пашыты з мухаяру. Мухаяравая кофта.

муці́цца, муціцца; незак.

1. Рабіцца мутным (у 1 знач.), каламуціцца.

2. Зал. да муціць (у 1 знач.).

муці́ць, мучу, муціш, муціць; незак., каго-што.

1. Рабіць мутным (у 1 знач.), каламуціць. Мільгалі лускою шчупакі. Здавалася часам, што гэта яны муцілі халодную паводкавую ваду. Пестрак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Не даваць спакою, непакоіць, трывожыць. Увечары зноў за сцяною гучала песня, зноў муціў мяне непазбыўны сум. Дуброўскі. І душу муціць неспакой, А кожны грук і др[ы]гаценне У сэрцы болем аддаюць. Колас.

3. пераважна безас. Цягнуць на рвоту, быць у стане млосці. Яго муціла ад курэння. □ Назаўтра мяне так муціў голад, што я не ведаў, дзе мне дзецца. Сачанка.

•••

Муціць ваду — тое, што і каламуціць ваду (гл. каламуціць).