Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

мушы́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мухі, уласцівы мухам. На сцяне вісеў партрэт старога рабіна ў ярмолцы, увесь у мушыных сляд[ах]. Бядуля. // Які складаецца з мух. Мушыны рой.

муэдзі́н, ‑а, м.

Служыцель пры мячэці, які з высокай вежы — мінарэта — прызывае веруючых на малітву. На чатырохкутным мінарэце бліжэйшай ад нас мячэці з’явіўся раптам муэдзін, хударлявы стары з сівой казлінай барадою. В. Вольскі.

[Араб. múaddin.]

мы, нас, нам, намі, аб нас; адз. я, займ. асаб. 1‑й ас. мн.

1. Ужываецца для абазначэння дзвюх і болей асоб, уключаючы і таго, хто гаворыць. Мы адны, сынок, адны, Дарма ў вокны паглядаем. Колас. Мы зноў пайшлі на кірмаш. Трапілі ў рады гаршчэчнікаў і л[ыжа]чнікаў. Якімовіч. // Служыць для абазначэння групы людзей, аб’яднаных агульнасцю паходжання, поглядаў, заняткаў, інтарэсаў і пад. У цяжкія часы панства і царызму мы, беларусы, на свет цэлы неслі сваю вялікую крыўду. Купала. Мы з пароды мужнай, працавітай, Гартавалі нас цяжкія бітвы. Панчанка. — Правільна, — паспачуваў.. [Кашын], — нам, практыкам, заўжды цяжэй. Карпаў. // Ужываецца для абазначэння няпэўнай дзеючай асобы. Перад намі ў сонцы, ў зорах Будучыня наша. Купала.

2. з прыназоўнікам «з» і творным склонам іншых займеннікаў і назоўнікаў. Ужываецца для абазначэння таго, хто гаворыць і аднаго каго‑н. іншага. Мы з сяброўкай. □ [Гарлахвацкі:] Мы з вамі будзем пісаць навуковую працу. [Туляга:] Мы з вамі? Удвух? Крапіва. Пасля першага радаснага прывітання Антусь сказаў: — Я не надоўга. Мы з ім, — кіўнуў на таварыша, — заўтра зранку выходзім у горад. Чорны. Мы з табою, як рыба з вадою. Прыказка.

•••

Між (паміж) намі (кажучы) — аб чым‑н. такім, чаго не варта гаварыць іншым; аб якім‑н. Сакрэце. І стары смела сказаў: — Дык нашы хлопцы, між намі кажучы, узялі і падпалілі маёнтак. Чорны.

мы́ечны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для мыцця. Мыечная машына.

мы́за ​1, ‑ы, ж.

Сядзіба з сельскагаспадарчымі будынкамі; хутар (пераважна ў Прыбалтыцы). [Дзяўчына:] — Я ніхто, я тутэйшая, з мызы пана Смілгаса. Вунь пад самым лесам яна. Сабаленка.

[Эст. môis.]

мы́за ​2,

гл. мыса.

мы́знік, ‑а, м.

Уладальнік або арандатар мызы ​1.

мы́йка, ‑і, ДМ ‑йцы; Р мн. мыек; ж.

Машына, прыстасаванне для мыцця чаго‑н.

мы́йня, ‑і, ж.

Месца, дзе мыюць, прамываюць што‑н.

мы́йшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца мыццём чаго‑н. Загнаўшы машыну на цэментавы пятачок, Міхась пазіраў, як мыйшчык паварочваў гумавы шланг. Б. Стральцоў.

мы́йшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да мыйшчык.