абгалі́ць, ‑галю, ‑голіш, ‑голіць; зак.
Тое, што і агаліць (у 7 знач.). Пакуль нашы разведчыцы і праважатыя з’ядуць крупнік, абгалю ўсіх не горш, як у гарадской цырульні. Кулакоўскі.
абга́мтацца, ‑аецца; зак.
Абл. Абмяцца. Каўнер абгамтаўся вакол шыі. Чорны.
абганя́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Тое, што і анучнік.
абганя́льны, ‑ая, ‑ае.
1. З дапамогай якога праворваюць міжрадкоўе. Абганяльны трактар.
2. Які сеецца радамі і патрабуе міжрадковай апрацоўкі. Абганяльныя культуры.
абганя́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. абганяць — абагнаць.
абганя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да абагнацца.
2. Зал. да абганяць.
абганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да абагнаць.
абгарадзі́цца, ‑раджуся, ‑родзішся, ‑родзіцца; зак.
Абнесці агароджаю сваю сядзібу, уладанні. [Сымон] ужо жыў у новай хаце, ужо абгарадзіўся, абсталяваўся, абараўся і абсеяўся. Чорны.
абгарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.
Абнесці што‑н. агароджаю. Агарадзіць сад. □ Здавалася, што гаспадар меў перад сабою мэту паставіць будынак і абгарадзіць яго навек. Чорны.
абга́рак, ‑рка, м.
Абгарэлая рэшта (бервяна, запалкі і пад.). Хоць ліў безупынку дождж, да світання ад трох гумнаў асталіся толькі мокрыя абгаркі. Мележ. Тышкевіч намацаў пад узгалоўем запалкі, доўга шукаў сярод абгарэлых цэлую, злаваў на старую прывычку соваць у карабок абгаркі. Асіпенка.