Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе і (радзей) адыму, адымеш, адыме; пр. адняў, ‑няла, ‑няло; заг. аднімі і (радзей) адымі; зак., каго-што.

1. Раз’яднаць з чым‑н., аддзяліць ад чаго‑н. Рыгор паспешна супыніў станок і адняў разец. Гартны. // Адрэзаць, ампутаваць (канечнасць або частку яе). Адняць нагу.

2. што ад чаго. Паменшыць лік на некалькі адзінак. Ад пятнаццаці адняць сем.

3. безас. Паралізаваць, пазбавіць здольнасці гаварыць, рухацца і пад. Мову адняло. Ногі адняло.

4. Прымусіць патраціць што‑н. (час, сілы і пад.). Вячэра адняла больш за гадзіну.

5. Спыніць кармленне малаком маці; адвучыць ссаць грудзі.

адо́браны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адобрыць.

адо́брывацца, ‑аецца; незак.

Зал. да адобрываць.

адо́брываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адобрыць.

адо́брыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Станоўча аднесціся да чаго‑н.; ухваліць. Калі.. [Сцёпка] даведаўся, што Аленка збіраецца далей вучыцца, то адобрыў яе намер. Колас. // Згадзіцца з чым‑н., прыняць (праект, план і пад.). [Кіеня:] — А гэта — інжынерскія разлікі. Іх можна або адобрыць, або забракаваць. Шыцік.

адо́граф, ‑а, м.

Электранавігацыйны прыбор, які аўтаматычна прачэрчвае на карце шлях, што праходзіць карабель.

[Грэч. (h)odos — дарога і graphō — пішу.]

адо́зва, ‑ы, ж.

Пісьмовы або вусны зварот да каго‑н. з заклікам, просьбай. [Маша:] — Во навіна якая! Мы будзем ставіць подпісы пад Адозвай за мір. Шамякін.

адо́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адолець.

адо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Перамагчы ў барацьбе; асіліць. — Добра! — прамовіў генерал-палкоўнік. — Гэта па-гвардзейску. Сябе выратаваў і ворага адолеў. Мележ. // Вынесці ўсе цяжкасці, пераадолець перашкоды. [Бобрык:] — Калі чалавек ведае, што ідзе да вялікай мэты, то якая б ні была цяжкая дарога, ён не спыніцца, адолее ўсё. Дуброўскі.

2. Перасіліць, перамагчы ў сабе якія‑н. жаданні, пачуцці і пад. [Алешын:] Не маю сіл адолець я сумненні. Бачыла. [Аксіння] адолела, як магла, хваляванне, пачала развязваць клунак. Мележ. Атрымалася суха, ніяк не магла адолець [Вера] стомленасць і адчуванне страшнай адзіноты. Мікуліч. // Авалодаць усёй істотай (пра жаданні, пачуцці і пад.). Цела адразу адолела салодкая знямога. Быкаў. Клопаты зноў адолелі Андрэя. Шахавец.

3. Справіцца з чым‑н., асіліць якую‑н. справу. — Давай, Міцечка, пілу, — сказаў тата, паставіўшы ў снег сякеру, — адолеем гэта дрэва, ды пойдзем і мы дахаты на гарачую бульбу. Пальчэўскі. // Перамогшы цяжкасці ў вывучэнні, авалодаць, засвоіць. Адолець латынь. □ Тое, што за адзін год Міця адолеў два класы, параўняўшыся з Сюзанай, адбылося зноў жа не без яе дапамогі, хоць яна аб гэтым не ведае. Навуменка. [Змітрок:] Я цяпер столькі кніг па электрычнасці прывёз з горада, што змагу трымаць [экзамен] за інстытут, калі ўсе іх адолею. Губарэвіч. // Рухаючыся, прайсці, пераадолець які‑н. цяжкі шлях. Прысталі коні — хоць ты плач, Як гэты шлях адолець! Смагаровіч. // Разм. З цяжкасцю з’есці, выпіць што‑н. (звычайна аб вялікай колькасці). Адолець кацялок кашы.

4. Разм. Дакучаючы, пазбавіць спакою; замучыць. [Мікола:] — Як жа гэта выйшла, што калгасніцу куры і козы адолелі? Скрыпка.

адо́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адолець.