ідэаліза́цыя, ‑і, ж.
Паказ каго‑, чаго‑н. лепшым, чым яно сапраўды ёсць; надзяленне ідэальнымі якасцямі. Ідэалізацыя мінулага. Ідэалізацыя рэчаіснасці. □ Аўтары, адмовіўшыся ад ідэалізацыі, паказваюць жывога чалавека, яго канкрэтны лёс, характар. Лойка.
ідэалі́зм, ‑у, м.
1. Рэакцыйны філасофскі напрамак, процілеглы матэрыялізму, які прызнае дух, ідэю, свядомасць першаснымі, а матэрыю, быццё — другаснымі, вытворнымі. Суб’ектыўны ідэалізм. Аб’ектыўны ідэалізм.
2. Здольнасць, жаданне бескарысліва служыць якой‑н. справе; прыхільнасць да высокіх маральных ідэалаў.
3. Схільнасць да ідэалізацыі, прыхарошвання рэчаіснасці. Саханюк звонка засмяяўся. — Ах вы, ідэалісты, ідэалісты. Ці надоўга х[о]піць вам гэтага ідэалізму?.. І тым не меней першы раз бачу чалавека, што так высока ставіць глуш ды яшчэ такую, як ваша. Колас.
ідэалі́ст, ‑а, М ‑сне, м.
1. Паслядоўнік ідэалістычнай філасофіі. Гегель быў ідэаліст, г. зн. для яго мыслі нашай галавы былі не адлюстраваннямі, больш-менш абстрактнымі, сапраўдных рэчаў і працэсаў, а, наадварот, рэчы і развіццё іх былі для Гегеля толькі ўвасобленымі адлюстраваннямі нейкай «ідэі», якая існавала недзе яшчэ да ўзнікнення свету. Энгельс.
2. Разм. Чалавек, схільны ідэалізаваць, прыхарошваць рэчаіснасць.
ідэалі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да ідэаліст (у 2 знач.).
ідэалісты́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць ідэалістычнага (у 1 знач.). Ідэалістычнасць поглядаў.
ідэалісты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ідэалізму (у 1 знач.), заснаваны на ім. Ідэалістычная філасофія. Ідэалістычная канцэпцыя. Ідэалістычны светапогляд.
2. Разм. Які мае адносіны да ідэаліста (у 2 знач.), уласцівы яму. Ідэалістычныя імкненні.
ідэало́гія, ‑і, ж.
Сістэма ідэй, уяўленняў, палітычных, філасофскіх, мастацкіх і інш. поглядаў, якія характарызуюць тое або іншае грамадства, клас; светапогляд. Марксісцка-ленінская ідэалогія. Пралетарская ідэалогія. Буржуазная ідэалогія.
[Ад грэч. idea — паняцце і logos — вучэнне.]
ідэа́льна, прысл.
1. Прысл. да ідэальны (у 2, 3 знач.).
2. (у спалучэнні з дзеясловам). Вельмі добра, дасканала. Праекты таксама выглядалі ідэальна і прыгожа. Карпаў. // (у спалучэнні з прыметнікам). У вышэйшай ступені, абсалютна, зусім. Вудзільна, якім карыстаюцца пры лоўлі з паплаўком, павінна быць моцным, пругкім і ідэальна прамым. Матрунёнак.
ідэа́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць ідэальнага (у 2, 3 знач.).
ідэа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. У філасофіі — які існуе толькі ў свядомасці, у ідэях, ва ўяўленні.
2. Які адпавядае ідэалу; узвышаны, незямны. [Праекты] былі залішне прыгожыя і ідэальныя і зусім не лічыліся з магчымасцямі часу і людзей. Карпаў.
3. Разм. Вельмі добры, дасканалы, узорны. Ідэальная машына. Ідэальная сям’я. Ідэальныя ўмовы. Ідэальная чысціня. □ — У яго вачах — вы ідэальны чалавек... Ён хваліць вас заўсёды. Гартны.