Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

іго́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да ігольшчык.

ігра́,

1. Выкананне музычнага твора на якім‑н. інструменце. Час ад часу .. [Майбарада] спыняў ігру і, не адрываючы гармоніка ад губ, падоўгу глядзеў у неба, дзе плылі белыя хмаркі. Шамякін.

2. Выкананне сцэнічнай ролі. Поспех, якім карыстаецца «Паўлінка» ў пастаноўцы купалаўцаў, абумоўлен майстэрскай ігрой артыстаў. Ярош. Так забаўляла ўсіх .. ігра [дзядка], што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў. Краўчанка.

3. Тое, што і гульня (у 2 знач.). Спартыўныя ігры. Ігра ў шахматы. Ігра ў карты.

4. Хуткая змена, пералівы колераў, святла і пад. Ігра фарбаў. Ігра колераў. □ [Калгаснікі] стаялі і сачылі га дзіўнай ігрой хмар. Шамякін. Коцяцца воды ўдаль, Хваляў чаруе ігра. Лявонны. // Выразная зменлівасць (твару, вачэй і пад.). Ігра мускулаў твару.

5. Наўмысныя дзеянні, якія маюць пэўную мэту; тайныя задумы, інтрыгі. Біржавая ігра. □ Пачулія, зацікаўлены, моўчкі глядзеў на Сімонавы манеўры. Ён хацеў разгадаць ягоную ігру. Самуйлёнак.

ігравы́, ‑ая, ‑ое.

Звязаны з ігрой акцёраў; мастацкі. Ігравы фільм.

ігра́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для ігры (у 3 знач.). Ігральныя карты.

ігра́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. іграць (у 1 знач.). Які музыкант, такое ігранне. Прыказка.

ігра́цца, ‑аецца; незак.

1. Зал. да іграць (у 1–3 знач.).

2. безас. Разм. Пра наяўнасць жадання, настрою іграць (пра артыстаў і інш.). Артысту не ігралася.

ігра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што на чым і без дап. Выконваць што‑н. на якім‑н. музычным інструменце. Іграць польку на баяне. Іграць на жалейцы. □ Машыніст іграў. Барыню змяніла лявоніха, потым пайшлі вальсы. Хомчанка. / Пра радыё, аркестр, патэфон і пад. Радыё іграе. Аркестр іграе паходны марш. // перан.; на чым. Выкарыстоўваць чые‑н. пачуцці, схільнасці і пад. для дасягнення пэўных мэт. Іграць на высакародных пачуццях.

2. Удзельнічаць у спектаклі, выступаць на сцэне, у кіно. Іграць без грыму. Іграць у п’есе. □ Яна з поспехам іграла на універсітэцкай сцэне. Васілевіч. // каго-што. Выконваць якую‑н. ролю на сцэне. Аксане даставаліся галоўныя ролі ў п’есах, а я іграў вартавых, салдат і г. д. Пянкрат. — А іграць нас трэба такімі, якімі былі мы — простымі людзьмі, адарванымі вайною ад будзённых спраў. Шчарбатаў. // што. Выконваць, ставіць на сцэне, у тэатры. Іграць п’есу «Лявоніха на арбіце». // перан. Выдаваць сябе за каго‑н.; маскіраваць свае паводзіны, замыслы. — [Маша] цікавая. Спачатку мне здалося, што яна іграе... А ў жыцці нельга іграць! Шамякін. // перан.; на што. Садзейнічаць чаму‑н., спрыяць чаму‑н. Усе штрыхі, усе мастацкія дэталі павінны іграць на галоўную думку спектакля. Сабалеўскі.

3. Тое, што і гуляць (у 2 знач.). Іграць у карты.

4. на чым, у чым. Блішчаць, адбіваючыся ў чым‑н., ад чаго‑н. (пра святло, сонечныя прамяні і пад.). Іграе ранішняй сонца на жывой вадзе. Лынькоў. // Пералівацца рознымі колерамі. Па дарозе вада рассыпалася ў пыл, іграла на сонцы ўсімі колерамі. Маўр. Зялёныя шаты Пад сонцам іграюць стракатасцю фарб. Звонак. // Класціся, перамяшчацца, падаць няроўнымі рухомымі блікамі, плямамі. Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сценах пакоя. Гартны. // Знаходзіцца ў руху, то ўзнікаючы, то знікаючы. На вуснах .. [урача] іграла вясёлая ўсмешка. Шамякін.

5. Быць у бадзёрым, узбуджаным стане (пра пачуцці, уяўленні і пад.). Звініць, звініць у лузе скошаным Дзявочы спеў і — замірае. А смутак чмелем растрывожаным Яшчэ ў грудзях маіх іграе. Гаўрусёў.

•••

Іграць на біржы — займацца біржавымі спекуляцыямі.

Іграць на нервах — гнявіць, нерваваць каго‑н. чым‑н.

Іграць першую скрыпку — а) іграць у аркестры партыю першай скрыпкі; б) перан. быць галоўнай уплывовай асобай у якой‑н. справе.

Іграць ролю — мець значэнне, рабіць уплыў.

Іграць у адну дудку — быць заадно з кім‑н.

Кішкі марш іграюць гл. кішка.

Кроў іграе гл. кроў.

ігро́к, іграка, м.

1. Удзельнік якой‑н. ігры (у 3 знач.). Падабраць ігракоў. Запасны ігрок. Замяніць іграка. □ Марцін сам быў заядлым іграком і мог сядзець за сталом з раніцы да поўначы, шлёпаючы патрапанымі картамі. Машара.

2. Разм. Музыкант.

ігру́ша,

гл. груша.

ігру́шавы,

гл. грушавы.