іграць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што на чым і без дап. Выконваць што‑н. на якім‑н. музычным інструменце. Іграць польку на баяне. Іграць на жалейцы. ▪ Машыніст іграў. Барыню змяніла лявоніха, потым пайшлі вальсы. Хомчанка. / Пра радыё, аркестр, патэфон і пад. Радыё іграе. Аркестр іграе паходны марш. // перан.; на чым. Выкарыстоўваць чые‑н. пачуцці, схільнасці і пад. для дасягнення пэўных мэт. Іграць на высакародных пачуццях.
2. Удзельнічаць у спектаклі, выступаць на сцэне, у кіно. Іграць без грыму. Іграць у п’есе. ▪ Яна з поспехам іграла на універсітэцкай сцэне. Васілевіч. // каго-што. Выконваць якую‑н. ролю на сцэне. Аксане даставаліся галоўныя ролі ў п’есах, а я іграў вартавых, салдат і г. д. Пянкрат. — А іграць нас трэба такімі, якімі былі мы — простымі людзьмі, адарванымі вайною ад будзённых спраў. Шчарбатаў. // што. Выконваць, ставіць на сцэне, у тэатры. Іграць п’есу «Лявоніха на арбіце». // перан. Выдаваць сябе за каго‑н.; маскіраваць свае паводзіны, замыслы. — [Маша] цікавая. Спачатку мне здалося, што яна іграе... А ў жыцці нельга іграць! Шамякін. // перан.; на што. Садзейнічаць чаму‑н., спрыяць чаму‑н. Усе штрыхі, усе мастацкія дэталі павінны іграць на галоўную думку спектакля. Сабалеўскі.
3. Тое, што і гуляць (у 2 знач.). Іграць у карты.
4. на чым, у чым. Блішчаць, адбіваючыся ў чым‑н., ад чаго‑н. (пра святло, сонечныя прамяні і пад.). Іграе ранішняй сонца на жывой вадзе. Лынькоў. // Пералівацца рознымі колерамі. Па дарозе вада рассыпалася ў пыл, іграла на сонцы ўсімі колерамі. Маўр. Зялёныя шаты Пад сонцам іграюць стракатасцю фарб. Звонак. // Класціся, перамяшчацца, падаць няроўнымі рухомымі блікамі, плямамі. Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сценах пакоя. Гартны. // Знаходзіцца ў руху, то ўзнікаючы, то знікаючы. На вуснах .. [урача] іграла вясёлая ўсмешка. Шамякін.
5. Быць у бадзёрым, узбуджаным стане (пра пачуцці, уяўленні і пад.). Звініць, звініць у лузе скошаным Дзявочы спеў і — замірае. А смутак чмелем растрывожаным Яшчэ ў грудзях маіх іграе. Гаўрусёў.
•••
Іграць на біржы — займацца біржавымі спекуляцыямі.
Іграць на нервах — гнявіць, нерваваць каго‑н. чым‑н.
Іграць першую скрыпку — а) іграць у аркестры партыю першай скрыпкі; б) перан. быць галоўнай уплывовай асобай у якой‑н. справе.
Іграць ролю — мець значэнне, рабіць уплыў.
Іграць у адну дудку — быць заадно з кім‑н.
Кішкі марш іграюць гл. кішка.
Кроў іграе гл. кроў.