Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

штурмаўшчы́на, ‑ы, ж.

Разм. пагард. Празмерна паспешлівая, тэрміновая праца з мэтай выправіць дапушчаныя хібы, нагнаць упушчанае і пад., якая праводзіцца ў выніку парушэння планавасці ў арганізацыі працэсу працы. Часта да д’ябла ляцела з цяжкасцю дасягнутая рытмічнасць і пачыналася штурмаўшчына. Карпаў. [Мікалай Назаравіч:] — Год пачаўся, а яшчэ ніхто не ведае добра, якія ж станкі і лініі будзе выпускаць завод. Хоць бы на першае паўгоддзе... Вось таму і штурмаўшчына часам. Мыслівец.

штурмо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. штурмаваць (у 3 знач.).

штуртра́п, ‑а, м.

Спец. Вяровачная лесвіца па карме судна.

штуртро́с, ‑а, м.

Спец. Ланцуг або трос на судне, які ідзе ад штурвала да руля і служыць для павароту руля.

[Гал. stuurtros.]

штурх, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. штурхаць — штурхнуць і штурхацца. Раптам нехта штурх у бок: — А, папаўся, галубок! Якімовіч.

штурха́ль, ‑я, м.

Разм. Тое, што і штурханец. Амаль імгненна перасіліўшы разгубленасць, ён [Віктар] непрыкметна дае мне штурхаля, падсоўвае скрынку да Зіны. Савіцкі. Адзін раз такога даў штурхаля [вотчым], што Піліпка ледзь аддыхаўся. Навуменка.

штурха́н, ‑а, м.

Разм. Тое, што і штурханец. Пакінутыя адны, вучні памаленьку пачыналі разварушвацца, знаёміцца самі з сабою — часта пры дапамозе кулакоў, штурханоў. Колас.

штурхане́ц, ‑нца, м.

Разм. Кароткі, моцны, рэзкі ўдар. Надзорцы падхапілі Апанаса Вялічку і, надаваўшы пад бакі штурханцоў, павалаклі ў карцэр. Машара. Сінічкін.. думаў, што калі ехалі ў Мінск, то такіх штурханцоў [на дарозе] не было — здаецца, не адчувалася. Пестрак.

штурхані́на, ‑ы, ж.

Цісканіна, сумятня ў натоўпе, у цеснаце. Пачынаецца звычайная штурханіна каля вешалкі. Жычка. [Жанчына:] — Чамусьці толькі адны пярэднія дзверы [у аўтобусе] адчынены, ні ўвайсці, ні выйсці без штурханіны... Марціновіч.

шту́рханне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. штурхаць (у 1, 2 і 4 знач.).