шпіта́ль, ‑я, м.
Лячэбная ўстанова або бальніца, звычайна вайсковая. Палявы шпіталь. □ На ганку шпіталя нас сустракае маладзенькая дзяўчына — у белым адзенні санітаркі і ўся ў святле калідора. Брыль. Кручын прыехаў дахаты са шпіталя, дзе яму ампуціравалі па калена раструшчаную асколкам снарада нагу. Хадкевіч.
[Ням. Spital.]
шпіта́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шпіталя. На палі вярталіся Людзі ад зямлі, — У каго шпітальныя Раны зажылі. Куляшоў. Пасля шпітальнай палаты ў лесе дыхалася надзвычай лёгка. Федасеенка.
шпіц 1, ‑а, м.
Уст. Тое, што і шпіль (у 1 знач.). З мільённага людскога мурашніку, што трапятаў перад Ганнінымі вачыма, рэльефна выступала фігура Рыгора. Гэта фігура засланяла сабою і гмах Ісакіеўскага сабора, і шпіц Петрапаўлаўкі. Гартны.
[Ням. Spitze.]
шпіц 2, ‑а, м.
Невялікі пакаёвы сабачка, які мае вузкую морду, стаячыя вушы і пушыстую густую поўсць. «Дзе ж праўда ёсць? — падумала яна [балонка]. — Каму павага? Шпіцам ды аўчаркам?» Корбан.
[Ням. Spitz.]
шпіцру́тэны, ‑аў; адз. шпіцрутэн, ‑а, м.
Гіст. Доўгія гнуткія дубцы або палкі, якімі білі салдат, злачынцаў у дарэвалюцыйнай Расіі, праганяючы іх праз строй. А гэта была сама тая пара, калі свіст шпіцрутэна зліваўся са звонам кайданаў. Лужанін.
[Ням. Spießrute.]
шпіяна́ж, ‑у, м.
Злачынная дзейнасць шпіёна (шпіёнаў). Не менш бязлітасна грабіла, эксплуатавала сялян і гарадскі люд духавенства, пускаючы ў ход побач з грубым насіллем усякага роду падман, подкуп, шпіянаж, інтрыгі. Алексютовіч.
[Ням. Spionage.]