шпаню́к, ‑а, м.
Разм. Блазан, блазнюк; малакасос. Пасажыры скоса пазіралі на мяне. Нехта нават цыкнуў: — Што ты ўсё круцішся, шпанюк! Таўхаля захацеў? Шыловіч. З усіх бакоў неслася: — Нягодніка Шпанюкі! — Таго вялікага!.. Вялікага трымай! Сцёпка здагадаўся, што і Шупік уцякае. Хомчанка.
шпарга́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Лісток паперы з запісамі, лічбамі, формуламі, фармуліроўкамі і пад., якім карыстаюцца тайна ад выкладчыка ў час экзаменаў або праверкі ведаў. За час, які ён [Алік] патраціў на гэтую шпаргалку, відаць, можна было назубок вывучыць не толькі тэарэму, але і падрыхтаваць усе ўрокі. Краўчанка.
[Ад польск. szpargały — непатрэбныя, спісаныя паперы.]
шпаркакры́лы, ‑ая, ‑ае.
Які мае шпаркія крылы; хутка, шпарка лятае. Шпаркакрылы сокал. Шпаркакрылы самалёт.
шпаркано́гі, ‑ая, ‑ае.
Які хутка ходзіць і бегае. Шпарканогі заяц. □ — А што лепш, Пеця, — шпарканогі кенгуру ці галапузы дрозд? Ракітны. Завывае, бы ў лесе ваўчыца, Шпарканогі кур’ерскі цягнік. Чарнушэвіч.
шпа́ркасць, ‑і, ж.
Уласцівасць шпаркага, хуткасць. Але ў кожнага з незвычайнай шпаркасцю праносіліся ў галаве ўрыўкі сваёй маладосці, сваіх гарачых жаданняў. Каваль.
шпа́ркі, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і хуткі (у 1–3 знач.). Шпаркая язда. □ Селянін без шапкі з ускудлачанымі валасамі віхрам імчаўся на шпаркім кані. Колас. Б’ецца, уецца шпаркі, лёгкі Сінякрылы матылёк. Багдановіч. Акінуўшы шпаркім поглядам усю карту Месяца, Дзянісаў працягваў: — Палёт на Месяц — гэта выдатна! Гамолка.
шпарчэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. шпаркі.
шпа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што і без дап.
Разм. Рабіць што‑н. з асобай сілай, энергіяй, імпэтам і пад. Захапіўшы ў першай пары Янка Маньку, Юрка Раю, Даюць дыхту, даюць жару, «Сербіянку», «Польку» шпараць. Купала. Слова за слова і ўжо цэлую прамову шпарыць жандар. Лынькоў. Матацыклісты шпараць па шашы. Паветра рэжуць, як электрапілы, У рокаце — надрыўны крык душы. Грачанікаў.
шпат 1, ‑у, М шпаце, м.
Спец. Устарэлая назва мінералу, які пры ўдары расколваецца на кавалкі правільнай, геаметрычнай формы.
•••
Палявы шпат — мінерал з групы сілікатаў.
Плавіковы шпат — тое, што і плавік.
[Ням. Spat.]
шпат 2, ‑у, М шпаце, м.
Спец. Хранічнае запаленне скакальнага сустава ў каня ці рабочага вала.
[Ням. Spat.]
шпа́тавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да шпату 1. Шпатавы мінерал.