Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., каго-што.

1. Выклікаць трывогу; прыводзяць у стан неспакою. [Надзі] было шкада бацькі, яе трывожыла яго слабае здароўе, што пагаршалася з кожным днём. Шахавец. Сесія не палохала мяне [Стэфу] і не трывожыла: я была ўпэўнена, што добра здам экзамены. Савіцкі. [Сцяпан:] — Мяне асабіста ў першую чаргу трывожыла жніво. Пянкрат. // Парушаць душэўную раўнавагу, хваляваць. Толькі чый гэта, чый гэта погляд Так трывожыць зараз мяне? Азірнуўся — і рыфмы загл[у]хлі: Пекнай пані партрэт на сцяне. Панчанка.

2. Парушаць спакой каго‑, чаго‑н., турбаваць. Цэлы дзень загадчыка трывожылі наведвальнікі. □ Не будзіце, матулі, дачок закаханых, Не трывожце іх светлыя сны. Сняцца ім у рамонкавым звоне паляны, Сняцца зоры на вейках вясны. Жычка. [Тарас:] — Жонку трывожыць не хочацца, яна там працуе, робіць сваю справу. Мікуліч. / Пра вецер, сонца і пад. Звінеў ад жаўранкаў абшар І вецер поля не трывожыў. Астрэйка. // перан. Бударажыць мінулае, перажытае. Толькі навошта трывожыць нядобрыя ўспаміны. Шахавец. А навошта трывожыць ім боль, — Родны іх пахаваны, — Сыпаць горкую соль Успамінаў на свежыя раны? Куляшоў.

3. Раздражняць, раз’ятрываць. Трывожыць рану.

трывуго́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Даўней — трохвугольная форменная шапка.

трыву́шчы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вынослівы, вельмі трывалы. Чалавек вельмі трывушчы, шмат чаго можа перажыць. Місько.

трыгана́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Трохвугольны.

[Лац. trigonalis.]

трыганаметры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трыганаметрыі, заснаваны на трыганаметрыі. Трыганаметрычнае ўраўненне. Трыганамегрычная табліца. Трыганаметрычная функцыя.

2. Звязаны з геадэзічнымі вымярэннямі, якія выконваюцца метадам трыянгуляцыі (у 2 знач.). Трыганаметрычны пункт.

трыганаме́трыя, ‑і, ж.

Раздзел геаметрыі, які вывучае суадносіны паміж старанамі і вугламі трохвугольніка.

[Ад грэч. trigonon — трохвугольнік і metreō — вымяраю.]

тры́гла, ‑ы, ж.

Марская прамысловая рыба сямейства трыглаў атрада акунепадобных, якую называюць яшчэ марскім пеўнем; водзіцца ў Чорным, Балтыйскім і далёкаўсходніх морах.

трыглі́ф, ‑а, м.

Спец. Арнамент з трыма вертыкальна размешчанымі жалабкамі на антаблеменце дарычнай калоны.

[Грэч. triglyphos — літаральна тройчы выразаны.]

трыгу́біца, ‑ы, ж.

Від рыбалоўнай снасці. — Стары мой, — гаворыць .. [Максім] зверху, над Толевай галавой, — зусім не схільны да вуды. Часу, кажа, шкада. Яму падай Нёман ды невад, а тут — хоць трыгубіцу. У вас гэта называецца эпічным размахам. Ясна? Брыль.

трыгу́бы, ‑ая, ‑ае.

Разм. З рассечанай, заечай губой.