Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

многаметро́вы, ‑ая, ‑ае.

На многа метраў даўжынёю, працягласцю, намерам. Многаметровы канат.

многамільённы, ‑ая, ‑ае.

Колькасцю, коштам у многа мільёнаў. Многамільённы даход. □ У вір грандыёзных падзей сучаснасці ўцягваліся многамільённыя масы. Перкін.

многанацыяна́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць многанацыянальнага.

многанацыяна́льны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з многіх нацый, народнасцей, прадстаўлены многімі нацыямі, народнасцямі. Многанацыянальная дзяржава. Многанацыянальная культура.

многанача́лле, ‑я, н.

Вялікая колькасць начальства (на прадпрыемстве, ва ўстанове) без чоткага размежавання абавязкаў; адсутнасць адзінага кіраўніцтва.

многапавярхо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае некалькі паверхаў; шматпавярховы. Многапавярховы будынак.

многапакаёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае вялікую колькасць пакояў. Многапакаёвая кватэра.

многапаку́тны, ‑ая, ‑ае.

Які перанёс многа пакут; поўны пакут. Многапакутны народ. □ Тут, на зямлі многапакутнай, Каля дарогі кожны схіл Асветлен зоркай пяцікутнай, Узнятай на гарбах магіл. Аўрамчык.

многапляме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з многіх, з розных плямён. І гонар шырыцца ў вяках Тваіх сыноў, тваёй зямлі, Ардэнаносная дачка Многаплямённае сям’і. А. Александровіч.

многапрагра́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае некалькі радыё- або тэлевізійных праграм для перадачы па розных каналах вяшчання.

2. Які выконвае некалькі розных відаў заданняў (пра апарат, машыну, устройства і пад.). Многапраграмная памяць машыны.