Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мнагале́тнікі, ‑аў; адз. мнагалетнік, ‑у, м.

Спец. Расліны, што жывуць некалькі год. Травы-мнагалетнікі. Мнагалетнік дэкаратыўны.

мнагале́цце, ‑я, н.

Уст. Доўгае жыццё; даўгалецце.

мнагалі́кі, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з вялікай колькасці каго‑, чаго‑н.; шматлікі. Ад раўнін да гор Ходзіць гоман стоязыкі, Разнастайны, мнагалікі. Колас. Кружылася ад мнагалікіх пахаў травы галава. Васілевіч.

мнагалу́чны, ‑ая, ‑ае.

Разнастайны, мнагапланавы. Сон і я[ва] зліваюцца ў адным тлумным шматгранным малюнку маладога жыцця з яго радасцямі і трывогамі і мнагалучнымі праявамі. Колас. Найбольшае ўздзеянне мела на Коласа творчасць Пушкіна, адметная сваімі мнагалучнымі, бясконцымі сувязямі з народным жыццём. Навуменка.

мнагалю́ддзе, ‑я, н.

Вялікая колькасць людзей. Спалоханыя мнагалюддзем, шумам, музыкай, .. [галубы] на ўсю сілу — аж выгіналіся спінкі — памкнулі ўгару. Карпаў. Шумяць, гамоняць нечуваным мнагалюддзем лясныя Рагалі. Навуменка.

мнагалю́дна, безас. у знач. вык.

Аб наяўнасці мноства людзей. На Крашчаціку шырокім Мнагалюдна кожны дзень: Ўсцяж плывуць машын патокі Між патокамі людзей. Жычка.

мнагалю́днасць, ‑і, ж.

Стан мнагалюднага.

мнагалю́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, дзе многа людзей. Універсітэцкі сквер, як і да вайны, заўсёды мнагалюдны і ажыўлены. Васілевіч.

2. У склад якога ўваходзіць многа людзей, які налічвае ў сабе многа людзей. Ніколі не было ў Заборцах такога мнагалюднага сходу. Колас.

мнагаля́мпавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. З некалькімі або многімі электроннымі лямпамі. Мнагалямпавы радыёпрыёмнік.

мнагаме́сны, ‑ая, ‑ае.

З вялікай колькасцю месц для пасажыраў, гледачоў і пад. Мнагамесны самалёт.