жураўлі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да жураўля 1. А ў небе ўдзень і вечарамі Высока роўнымі шнурамі Злятаўся вырай жураўліны. Колас. З далечыні неба зрэдку далятала стрыманае жураўлінае курлыканне. М. Ткачоў.
жураўлі́ха, ‑і, ДМ ‑лісе, ж.
Самка жураўля.
жураўляня́ і жураўлянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Птушаня жураўля 1.
журба́, ‑ы, ж.
Пачуццё смутку, душэўнай прыгнечанасці; туга, маркота. Бабка Наста сядзела на дубовай калодачцы каля печы, унурыўшыся ў свае нескладаныя, апавітыя журбою думкі. Колас. Тарас стаяў пасярод хаты, анямелы ў безвыходнай журбе. Асіпенка.
журбо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.
Тое, што і журба. Лабановіч адчуваў нейкую мяккую журботу, навеяную і цішынёю лесу і гэтым заміраннем жыцця. Колас. [Пасажыры] заспявалі «Рабіну» — тую самую песню, якая звычайна наводзіла на Ніну сум і журботу. Сіўцоў.
журбо́тна,
1. Прысл. да журботны.
2. безас. у знач. вык. Сумна, маркотна, тужліва. Пуста ў садзе і журботна, Як страціў нешта сад, Нават лісцечка дрыготна Шум вядзе на смутны лад. Колас.
журбо́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і журботнага. Журботнасць мелодыі. □ Цябе не агорне журботнасці цень, Калі будзе працай напоўнены дзень. Бялевіч. Гэта дзейнічае на Любіну душу — задуменнасць і журботнасць апаноўваюць ёю. Чорны.
журбо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Ахоплены журбою; сумны, маркотны. Стасік сядзеў на ганку засмучоны, журботны. Няхай. // Які выражае журбу, уласцівы таму, каго апанавала журба. Журботны погляд. □ Адна толькі Ева.. стаяла ў баку з журботнаю ўсмешкаю на прыгожа вырысаваных губах. Колас. // Поўны журбы, суму; невясёлы. Галава балела ад гарачыні, поту і слёз, а думкі былі вельмі журботныя. Лупсякоў. Моўчкі слухаў Ігнась журботную аповесць сына невядомых бацькоў. Мурашка.
2. Які выклікае журбу, сум (пра час, выгляд чаго‑н. і пад.). Журботны дзень, журботны пейзаж. □ Вясёлая сустрэча з хлапцом развеяла думкі, якія падказала.. [Тапурыю] журботная цішыня балот. Самуйлёнак.
журлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан журлівага. Зыбін супакоіў сябе тым, што гэта яго журлівасць нядоўгая. Мележ. Знаёмыя мясціны кранулі сэрца ціхім смуткам і журлівасцю. Шыловіч.
журлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Сумны, журботны. Над манежам вісела вострая цішыня. Крыкні — і ўсё сарвецца. І ў гэтай цішыні пяшчотны, журлівы хлапечы галасок праспяваў пяшчотныя словы. Караткевіч.
2. Які любіць павучаць, дакараць; бурклівы, сварлівы. Мая свякроў журлівая, А да таго і сварлівая. З нар.