Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дваццаціпяцігадо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які працягваецца дваццаць пяць гадоў. Дваццаціпяцігадовая служба.

2. Узростам у дваццаць пяць гадоў. Дваццаціпяцігадовы сын.

3. Які мае адносіны да дваццаціпяцігоддзя (у 2 знач.). Дваццаціпяцігадовы юбілей.

дваццаціпяціго́ддзе, ‑я, н.

1. Прамежак часу ў дваццаць пяць гадоў.

2. Гадавіна чаго‑н., што адбылося ці пачалося дваццаць пяць гадоў таму назад. Дваццаціпяцігоддзе творчай дзейнасці.

два́ццаць, ‑і, ліч. кольк.

Лік 20. Дваццаць падзяліць на чатыры. // Колькасць 20. Дваццаць капеек. □ Апошнія дваццаць кіламетраў прыйшлося ісці пехатой. Брыль.

дваю́радны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў сваяцтве па дзеду ці бабцы з дзецьмі іх сыноў або дочак; стрыечны. Дваюрадны брат (дзядзькаў або цётчын сын). Дваюрадны дзядзька (бацькаў або матчын дваюрадны брат).

двая... (гл. двое...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «двое...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: дваяборства, дваямужжа.

дваябо́рац, ‑рца, м.

Спартсмен, які займаецца дваяборствам (лыжныя гонкі і скачкі на лыжах з трампліна).

дваябо́рства, ‑а, н.

Спартыўнае спаборніцтва, якое складаецца з двух відаў практыкаванняў; двухбор’е.

дваяве́рства, ‑а, н.

Адначасовае існаванне ў свядомасці і ў абрадах людзей элементаў дзвюх розных рэлігій.

дваяжэ́нец, ‑нца, м.

Той, хто адначасова знаходзіцца ў шлюбе з дзвюма жанчынамі.

дваяжэ́нства, ‑а, н.

Знаходжанне ў шлюбе адначасова з дзвюма жанчынамі.