Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бязбо́жнасць, ‑і, ж.

Адсутнасць веры ў бога, адмаўленне бога.

бязбо́жнік, ‑а, м.

1. Чалавек, які не прызнае, адмаўляе бога, не верыць у яго існаванне; атэіст. Казалі, што.. [Ян] бязродны і бязбожнік. Не ходзіць у касцёл. Пестрак.

2. Уст., лаянк., пагард. Пра несумленнага, нахабнага чалавека. [Павал:] — Хоць ты і бацюшка, але я не пабаюся сказаць табе ў вочы — бязбожнік ты, мяцежнік. Чорны.

бязбо́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да бязбожнік.

бязбо́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бязбожніка, бязбожніцтва. Не спадабаўся балет адной пані Вашамірскай. — Нешта бязбожніцкае, д’ябальскае, — гаварыла яна. Бядуля. Сталыя людзі наўперад з дакорам ківалі галовамі, калі прачувалі аб якой-небудзь бязбожніцкай штучцы таго ці іншага настаўніка. Колас.

бязбо́жніцтва, ‑а, н.

Крытычныя, скептычныя або адмоўныя адносіны да існавання бога; вальнадумства. Міколкаў бацька, калі надакучала маці яму сваімі жальбамі на сынава бязбожніцтва, звычайна агрызаўся. Лынькоў. Мікуціцкія гумны і адрынкі былі школамі бязбожніцтва і вальнадумства. Колас.

бязбо́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не прызнае бога; атэістычны. Гаспадар нашых душ [рэб Шмар’е] пільнаваў нас ад бязбожнай літаратуры. Бядуля.

2. Разм. Неймаверны, несумленны. Бязбожны лгун. □ Стахевіч ледзь не зарагатаў ад гэтай бязбожнай Косцікавай брахні. Паслядовіч.

бязбо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не выклікае болю, фізічных пакут. Бязбольнае выдаленне зуба.

бязбо́язнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бязбоязнага; бясстрашнасць.

бязбо́язны, ‑ая, ‑ае.

Які не ведае боязі, страху; бясстрашны. Бязбоязны чалавек.

бязбро́вы, ‑ая, ‑ае.

Без броў, а таксама які мае ледзь прыкметныя (звычайна светлыя) бровы. На пажоўклай ад часу паперы захаваўся здымак: двое маладых хлопцаў стаялі побач. Адзін, крыху старэйшы, скуласты, амаль бязбровы, а другі — худзенькі, з далікатным, як у дзяўчыны, тварам, высокі. Хомчанка.