Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ко́шанка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Кармавая сумесь вікі з аўсом і пад.

ко́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад касіць.

2. у знач. прым. Скошаны. Кошаны луг. Кошаная трава.

ко́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Свойская жывёліна са звычкамі драпежніка, якая ловіць мышэй; самка ката. Кошка злавіла мыш. Кошка мяўкае. □ Кошка вочкі жмурыць, а кіпцюры вострыць. Прыказка.

2. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых (леў, тыгр, барс і інш.). Дзікая кошка.

3. Прыстасаванне ў выглядзе якара з трыма ці больш кручкамі для падымання прадметаў з-пад вады.

4. звычайна мн. (ко́шкі, ‑шак). Прыстасаванне ў форме металічных кручкоў з шыпамі ўсярэдзіне, якое прымацоўваецца да абутку пры пад’ёме на слупы, мачты і пад. // Прыстасаванне ў форме падэшвы з шыпамі, якое прымацоўваецца да абутку пры хаджэнні па скалах, па лёдзе і пад.

•••

Ангорская кошка — асобая парода кошак з доўгай мяккай поўсцю.

Кошкі-мышкі — дзіцячая гульня, у якой той, хто выконвае ролю кошкі, ловіць астатніх удзельнікаў гульні.

На сэрцы (на душы) кошкі скрабуць — пра трывожны стан, чаканне чаго‑н. непрыемнага.

(Чорная) кошка прабегла (перабегла) паміж кім — сапсаваліся адносіны паміж кім‑н., хто‑н. з кім‑н. пасварыўся.

кошт, ‑у, М ‑шце, м.

Выражаная ў грашах вартасць чаго‑н. або велічыня затрат на што‑н. Кошт гадзінніка. Кошт вытворчасці. Кошт працы.

•••

За кошт чаго — выкарыстоўваючы што‑н. для якой‑н. мэты.

На чый (які) кошт; за чый (які) кошт — на чые‑н. сродкі, грошы.

ко́шык, ‑а, м.

Невялікі кош; тое, што і кош (у 1 знач.). З калгаса прыбег.. Піліпчык. Ён прынёс цэлы кошык, напакаваны ўсякай ежай. Лынькоў. Мы назбіралі з доктарам Ваўковічам грыбоў — ён поўны кошык, а я ўсяго некалькі баравікоў — і селі адпачыць. Васілевіч.

ко́шэр, ‑у, м.

У веруючых яўрэяў — дазволеная іудзейскай рэлігіяй страва.

[Яўр. kāšēr — чысты.]

кпі́нкі, ‑нак; адз. няма.

Тое, што і кпіны. Людзі з яго смяяліся, што ён баіцца жонкі, як агню. Ад гэтых кпінак людскіх .. [Ігналю] вельмі прыкра рабілася. Бядуля.

кпі́ны, кпін; адз. няма.

Злыя, абразлівыя жарты, насмешкі над кім‑, чым‑н. Платон Астапавіч ведаў характар сваёй дачкі: яшчэ дзяўчынкай яна не раз сваімі кпінамі і крытыкай выводзіла яго з цярп[ення]. Шамякін. І смех там быў, былі і жарты, І кпіны едкія, і злосць. Колас.

кпіць, кплю, кпіш, кпіць; незак., з каго-чаго і без дап.

Строіць кпіны, насміхацца. Першыя дні толькі і гутаркі было, што пра Валянціну. Адны гаварылі, што яна прыветлівая, такая стройная, прыгожая, чарнявая, другія злосна кпілі, што худая і Шаманскі прывёз яе, каб адкарміць на калгасным хлебе. Дуброўскі.

кплі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць кплівага; насмешлівасць. Яны [Марынка і Паходня] жылі рознымі інтарэсамі і, здавалася, не заўважалі адно аднаго: ён ставіўся да яе з ласкай, але па-апякунску, як старэйшы, яна да яго — са стрыманай дзявочай кплівасцю. Хадкевіч.