Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

косць, ‑і; Р мн. касцей; ж.

1. Асобная састаўная частка шкілета хрыбетных жывёл і чалавека. Галёначная косць. Лакцявая косць. Грудная косць.

2. толькі мн. (ко́сці, касцей). Астанкі, прах, цела нябожчыка. Па выгане, як на пагосце, жанчыны ў той вечар рыдалі: — А хто ж прывязе нашы косці, зямелька, з нязнанае далі... Вялюгін.

3. зб. Іклы, біўні некаторых жывёл, якія скарыстоўваюцца для дробных вырабаў. Слановая косць. Разьба па косці.

4. толькі мн. (ко́сці, касцей). Кубікі або пласцінкі з рознага матэрыялу для гульні (з выразанымі на іх ачкамі, лічбамі і пад.). Гульня ў косці.

5. якая. Уст. Пра сацыяльнае паходжанне, пра класавую прыналежнасць. Дваранская косць.

•••

Адны косці — пра вельмі худога чалавека.

Белая косць (уст.) — пра людзей знатнага, дваранскага паходжання.

Да касцей — вельмі моцна, зусім, наскрозь (прамокнуць, прамерзнуць і пад.).

Да мозгу касцей гл. мозг.

Даць у косці гл. даць.

Злажыць косці гл. злажыць.

(І) касцей не сабраць гл. сабраць.

Косці парыць гл. парыць.

Косць ад косці — пра каго‑, што‑н., цесна звязанае з чым‑н.; пра ідэйную блізкасць.

Куды груган касцей не занясе гл. груган.

Легчы касцьмі гл. легчы.

На касцях — цаной вялікіх ахвяр (дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н.).

Пералічыць косці гл. пералічыць.

Перажываць косці гл. перамываць.

Скура ды косці гл. скура.

Уесціся ў косці гл. уесціся.

Чорная косць (уст.) — пра людзей простага, недваранскага паходжання.

Шырокая косць; шырокі ў косці — пра шыракаплечага, каранастага чалавека.

Язык без касцей гл. язык.

Як без касцей — пра чалавека са спрытным, гібкім целам.

Як косць у горле — пра таго (тое), што вельмі перашкаджае, дакучае каму‑н., даймае каго‑н.

ко́сы,

гл. касы.

ко́ська, ‑і, м.

Ласкальная назва каня.

кось-кось, выкл.

Воклік, якім падзываюць коней.

ко́ся, ‑і, м.

Ласкальная назва каня. «Но, но, кося, — падахвочвалі мы яго. — Уставай, даражэнькі. А то так і ногі выцягнеш». Якімовіч.

кот, ката, М каце, м.

Самец кошкі.

•••

Марскі кот — а) тое, што і коцік (у 2 знач.); б) род марскога ската.

Чаротавы кот — драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых.

Гуляць у ката і мышку гл. гуляць.

(Жыць) як кот з сабакам — пра людзей, якія пастаянна сварацца.

Кату па пяту — вельмі малы ростам.

Купіць ката ў мяшку гл. купіць.

Мінулася кату масленіца; не ўсё кату масленіца гл. масленіца.

Цягнуць ката за хвост гл. цягнуць.

(Як) кот наплакаў — пра вельмі малую колькасць чаго‑н.

ко́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Абл. Кошка. Котка вылезла з-пад прыпечка. Бядуля.

котлападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму катла. Котлападобная каска.

ко́тлішча, ‑а, н.

Абл.

1. Месца жыхарства, сяліба. Самы старэйшы сын, Міця, радзіўся яшчэ на дзедавым котлішчы. Навуменка.

2. Род, сям’я. — А паганскі гэты Бераг хлопец; такі хуліган, такі абармот; ды ці ж хто ў Сілцах не ведае іх котлішча!?. Гартны.

ко́тнасць, ‑і, ж.

Фізіялагічны стан котнай авечкі, казы.