эла́стык, ‑у, м.
1. Уст. Тое, што і рызіна.
2. Сінтэтычнае эластычнае валакно, з якога вырабляюць панчохі, шкарпэткі і пад., што маюць уласцівасць расцягвацца.
3. Эластычная тканіна з рызінавымі ніткамі, якая выкарыстоўваецца на паясы, падвязкі і пад.; выраб з такой тканіны.
[Грэч. elastós — пругкі, цягучы.]
эласты́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць эластычнага. Эластычнасць скуры.
эласты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Гнуткі і пругкі. Твар закрывала эластычная гумавая маска з вузкімі прарэзамі для вачэй. Машара. Скрут прыхінуўся спінай да скалы, з задавальненнем адчуваючы пад эластычным касцюмам яе цвёрдасць. Шыцік.
2. перан. Мяккі, плаўны, павольны; пазбаўлены рэзкасці. Эластычныя рухі. □ Павольная, эластычная ў сваім праяўленні сутарга прайшла па ягоным целе, і чалавек, распластаўся на каменні, адкінуўшы руку з плакатам убок. Мікуліч.
3. перан. Які лёгка змяняецца пад уздзеяннем якіх‑н. умоў, які можа лёгка прыстасоўвацца да чаго‑н.
[Ад грэч. elastós — пругкі, цягучы.]
эласці́н, ‑у, м.
Спец. Адзін з асноўных бялкоў, што ўваходзяць у склад эластычных валокнаў сценак артэрый, скуры і пад.
[Грэч. elastós — пругкі, цягучы.]
эласці́навы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да эласціну.
элева́тар, ‑а, м.
1. Збудаванне для захоўвання вялікай масы збожжа з механічным абсталяваннем для прыёму, ачысткі, сушкі і разгрузкі зерня. Удзень і ўночы стэпам пылілі грузавікі, везлі на элеватар у мяхах і проста ў кузавах золата — у поце запрацаваны хлеб. Даніленка. Асабліва важна, каб збожжаўборачны канвеер дзейнічаў зладжана і бесперабойна ва ўсіх звеннях — ад нівы да элеватара. «Звязда».
2. Канвеер для перамяшчэння грузаў вертыкальна або пад вялікім вуглом да гарызонта. З элеватара густа сыпалася ў .. кузаў [машыны] сіласная маса. Паслядовіч.
3. Водаструменная помпа, якая выкарыстоўваецца ў сістэме ацяплення для змешвання гарачай і халоднай вады.
[Ад лац. elevator — які падымае.]
элева́тарны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да элеватара (у 1 знач.). Элеватарнае абсталяванне.
2. Прызначаны для элеватара (у 2 знач.). Элеватарнае звяно. // Забяспечаны элеватарам. Элеватарная мыйка. // Які выконваецца пры дапамозе элеватара. Элеватарны спосаб здабычы торфу.
элева́таршчык, ‑а, м.
1. Рабочы, які працуе на элеватары (у 1 знач.).
2. Рабочы, які абслугоўвае элеватар (у 2 знач.).
элега́нтнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць элегантнага. Вочы міжвольна адзначыла зграбнасць постаці, простую элегантнасць убору, капялюшык з танюткай залацістай саломкі. Караткевіч.
элега́нтны, ‑ая, ‑ае.
Зграбны, прыгожы, вытанчаны. На.. [Маі] было элегантнае паліто, у руках чорная сумачка. Ярашэвіч. Цяпер на Сіліцкім быў даволі элегантны плашч, на галаве капялюш, на нагах моцныя чаравікі. Арабей. З пакоя выйшла Зося.. У добра скроеным сінім плацці, з двух’яруснай прычоскай-куклай, расчырванелая, яна мела амаль элегантны выгляд. Шамякін. // З густам, прыгожа адзеты; які трымае сябе галантна, далікатна. У белых кашулях і бліскучых чаравіках элегантныя салісты выконвалі лёгкія эстрадныя песенькі аб каханні, сяброўстве, вернасці — на ўсе тэмы, якія толькі цікавяць людзей. Гаўрылкін.
[Фр. élégant.]