Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кіру́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад кіраваць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Такі, якому належыць кіраўніцтва (у 1 знач.). Кіруючы арган.

3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які з’яўляецца кіраўніцтвам да дзеяння. Кіруючыя ўказанні.

4. Дзеепрысл. незак. ад кіраваць.

кі́рха, ‑і, ДМ ‑рсе, ж.

Лютэранскі храм.

[Ад ням. Kirche — царква.]

кіры́ліца, ‑ы, ж.

Адна з дзвюх стараславянскіх азбук, якая лягла ў аснову рускага, беларускага, украінскага і іншых алфавітаў.

[Ад імя славянскага асветніка 9 ст. Кірылы, які склаў гэту азбуку.]

кіры́ліцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кірыліцы, напісаны кірыліцай. Кірыліцкае пісьмо. Кірыліцкія помнікі.

кіры́лічны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і кірыліцкі.

кі́са, ‑ы, ж.

Разм. Ласкальная назва кошкі.

кісе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Пашыты з кісяі. Кісейныя фіранкі.

2. перан. Празрысты, тонкі, як кісяя. Кісейны туман.

кіселепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на кісель. Кіселепадобная маса.

кісе́ль, ‑сялю, м.

1. Кіслая студзяністая страва з аўсянай мукі або ягаднага соку, заваранага на крухмале. Аўсяны кісель. Кісель з журавін.

2. перан. Пра вязкую, клейкую масу. Хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да кален[яў]. Мележ. // Пагард. Пра вялага, слабавольнага чалавека. — Не, не! — запратэставаў Лапко: не кажы мне гэтага! Трэба быць цвёрдым. А я — кісель. Колас.

•••

Дзесятая вада на кісялі гл. вада.

кісе́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кісялю (у 1 знач.).

•••

Малочныя рэкі з кісельнымі берагамі гл. рака.