Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. кім-чым. Карыстаючыся прыборамі, рычагамі і пад., рэгуляваць ход, рух, работу каго‑, чаго‑н. Кіраваць машынай. Кіраваць канём. □ Вадзік трымаў у руках вудачкі, Сашка кіраваў лодкай. Гамолка. // Рабіць уплыў на развіццё чаго‑н., на ход якога‑н. працэсу. — Не можам кіраваць сонечным святлом, дык трэба кіраваць зямлёю. Кулакоўскі. / Пра сродкі кіравання чым‑н. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспяваў, кіраваць вяслом. Гамолка.

2. кім-чым. Быць на чале чаго‑н., накіроўваць дзейнасць каго‑, чаго‑н. Кіраваць дзяржавай. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Накіроўваць чые‑н. ўчынкі, дзеянні, быць пабуджальнай прычынай, пачаткам чаго‑н. Пачуццё любві да роднай зямлі кіравала аўтарам, калі ён выступіў з крытыкай побыту і нораваў польскіх магнатаў, шляхты і іх абслугі. Казека. // Разм. Мець уладу над кім‑н., распараджацца кім‑н. Зараз жа знайшоў [Крушынскі] тлумачэнне: «Жонка кіруе старым...». Бядуля. // Дырыжыраваць хорам, аркестрам. Кіраваць аркестрам.

3. Разм. Тое, што і кіравацца (у 2 знач.). Брычка зварочвае на поплаў, кіруе проста да стагоў. Асіпенка.

4. каго-што. Разм. Паказваць каму‑, чаму‑н. пэўны напрамак; накіроўваць. Праз рачныя броды Кіраўнік атрада Кіруе падводы. Куляшоў.

5. чым. У граматыцы — патрабаваць пасля сябе пэўнага ўскоснага склону. Пераходныя дзеясловы кіруюць вінавальным склонам.

кіра́са, ‑ы, ж.

1. Металічныя латы на грудзі і спіну, якія даўней надзявалі воіны для засцярогі ад халоднай і агнястрэльнай зброі.

2. Частка параднай формы некаторых кавалерыйскіх палкоў у заходнееўрапейскіх і рускай арміях (да 1917 г.).

[Фр. cuirasse.]

кірасі́р, ‑а, м.

1. Коннік цяжкай кавалерыі, які даўней насіў кірасу.

2. Салдат або афіцэр некаторых кавалерыйскіх палкоў у заходнееўрапейскіх і рускай арміях (да 1917 г.).

[Ад фр. cuirassier.]

кірасі́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кірасіра, належыць яму. Кірасірскі мундзір. Кірасірскі палаш. // Які складаецца з кірасіраў. Кірасірскі полк.

кіраўні́к, ‑а, м.

Той, хто кіруе кім‑, чым‑н. Класны кіраўнік. Кіраўнік гуртка. □ Ціхон Піменавіч Бумажкоў стаў выдатным гаспадарнікам, вядомым кіраўніком прамысловых прадпрыемстваў. Чорны.

кіраўні́ца, ‑ы, ж.

Жан. да кіраўнік.

кіраўні́цтва, ‑а, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. кіраваць (у 1, 2 знач.).

2. Тое, чым можна і патрэбна кіравацца. Марксізм — не догма, а кіраўніцтва да дзеяння.

3. зб. Кіраўнікі. Кіраўніцтва калгаса. Кіраўніцтва завода.

кіргі́з,

гл. кіргізы.

кіргі́зка,

гл. кіргізы.

кіргі́зскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Кіргізіі, кіргізаў, належыць ім. Кіргізскі стэп. Кіргізская мова.