Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кірмашо́вец, ‑шоўца, м.

Удзельнік кірмашу (у 1, 3 знач.).

кірмашо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кірмашу (у 1, 3 знач.), звязаны з ім. Кірмашовы дзень. Кірмашовая плошча. // Такі, як на кірмашы, уласцівы кірмашу. Кірмашовы характар гандлю.

•••

Кірмашовы тэатр — від народнага тэатра ў некаторых еўрапейскіх краінах (у Расіі існаваў да канца 19 ст.).

кі́рпа, ‑ы, ж.

Разм. Пра кароткі і задзёрты нос. Вяртаючыся назад, старшыня яшчэ здалёк убачыў, што яго новыя сябры з нецярпеннем пазіраюць на вуліцу, прыціснуўшы да шыб прыплюшчаныя кірпы. Навуменка.

кірпано́сы, ‑ая, ‑ае.

Разм. З кароткім і задзёртым носам. Кірпаносы твар. Кірпаносае дзіця. / у знач. наз. кірпано́сы, ‑ага, м.; кірпано́сая, ‑ай, ж.

кірпа́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць кірпатага.

кірпа́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Кароткі і задзёрты (пра нос).

2. Тое, што і кірпаносы. Кірпаты хлопчык.

кі́рпаўка, ‑і, ДМ ‑паўцы; Р мн. ‑павак; ж.

Разм. Пра кірпаты нос. Міколка.., высунуўшы з-за кары сваю кірпаўку, назіраў за дзедавым практыкаваннем. Лынькоў.

кіру́емасць, ‑і, ж.

Здольнасць паддавацца кіраванню (пра механізм, машыну); кіравальнасць. Кіруемасць самалёта.

кіру́емы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. цяпер. ад кіраваць.

2. у знач. прым. Такі, работай, рухам якога можна кіраваць. Кіруемы снарад.

кіру́нак, ‑нку, м.

1. Тое, што і напрамак (у 1 знач.). Самалёт Бурмакова ўзяў кірунак на поўнач. Шыцік. Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Колас.

2. перан.; чаго або які. Шлях развіцця, накіраванасць якога‑н. дзеяння, з’явы і пад. Кірунак навуковай дзейнасці. Кірунак палітыкі. □ Загаварылі пра сям’ю, і гаворка адразу набыла іншы кірунак. Пальчэўскі.

3. Грамадская, навуковая, літаратурная і пад. плынь; школа, групоўка. Літаратурныя кірункі. □ Часцей матэрыялы пра творчасць Я. Купалы з’яўляліся ў друку левага кірунку. «Полымя».