Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кіргі́зы, ‑аў; адз. кіргіз, ‑а, м.; кіргізка, ‑і, ДМ ‑зцы; мн. кіргізкі, ‑зак; ж.

Народ, які складае карэннае насельніцтва Кіргізскай ССР.

кі́рза, ‑ы, ж.

Заменнік скуры: насычаная спецыяльным хімічным рэчывам шматслойная баваўняная тканіна з кручаных нітак.

[Ням. Kirser ад англ. kersey.]

кі́рзавы, ‑ая, ‑ае.

Пашыты з кірзы. Кірзавыя боты. Кірзавая сумка.

кі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Ручная прылада ў выглядзе прадаўгаватага завостранага малатка для драблення цвёрдай пароды або лёду. Салдаты з чыгуначнага батальёна кіркамі і ламамі сколвалі лёд пад каламі. Лынькоў. Мы дзяўблі кіркамі і капалі рыдлёўкамі зямлю. Чорны.

кірказо́н, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая расліна або дрэвападобная ліяна сямейства кірказонавых з сэрцападобным лісцем.

кірказо́навы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кірказону. Кірказонавае лісце.

2. у знач. наз. кірказо́навыя, ‑ых. Сямейства двухдольных шматгадовых травяністых і павойных дрэвавых раслін, пашыраных у трапічных і ўмераных паясах зямнога шара.

кірма́ш, ‑у, м.

1. Продаж тавараў, які праводзіцца ў пэўную пару года ў вызначаным месцы і часта звязаны з выстаўкай. Вясенні Лейпцыгскі кірмаш. □ На кірмашы будуць дэманстравацца цэнтрабежны землясос, кукурузаўборачны камбайн, трактар «МТЗ‑5 МС». «Звязда». // Вялікі святочны базар, звычайна з народным гуляннем. З ранку праз пераезд грукалі фурманкі з далёкіх сёл, кіруючыся, ў мястэчка, на нядзельны кірмаш; ішлі пешыя, несучы, хто што мае, на продаж. Навуменка. На шырокім на Мядзельскім рынку Падрывалася хрыпла катрынка — Пачынаўся вясенні кірмаш. Танк.

2. перан. Разм. Пра шумнае, ажыўленае зборышча людзей. Хлопцы не заўважылі, як з настаўніцкага пакоя ўвайшла ў клас і апынулася ў самым кірмашы іх выхавацелька. Брыль.

3. Уст. Прастольнае свята пры царкве, касцёле, манастыры. Кожны год на Міколу манастыр наладжваў кірмаш. З усяго наваколля туды з’язджаліся паны, купцы, мяшчане .. На хорах спявалі суровыя манахі. Асіпенка.

•••

Не на кірмаш, а з кірмашу хто — пра таго, чые справы ідуць у горшы бок.

[Ням. Kirmes з Kirchmesse.]

кірмашава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; незак.

Разм. Прымаць удзел у кірмашы. І хоць не з такім хваляваннем сягоння За свет, у краіны заморскія еду, Як некалі ехаў праз родныя гоні Па дровы, па сена, кірмашаваць з дзедам. Танк. Усё кірмашуе, пакуль грош за пазухай чуе. З нар.

кірма́шнік, ‑а, м.

Тое, што і кірмашовец.

кірма́шны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і кірмашовы.