Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кісло́тнасць, ‑і, ж.

Ступень змяшчэння кіслаты (у 2 знач.). Кіслотнасць глебы. Кіслотнасць малака.

кісло́тны, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае кіслату (у 2 знач.). Кіслотнае злучэнне. Кіслотная карозія.

кісло́ўка, ‑і, ДМ ‑слоўцы, ж.

Спец. Тое, што і кіславанне. Кіслоўка тканіны.

кі́слы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае своеасаблівы смак, падобны на смак лімона, журавін. Кіслае віно. Кіслыя ягады.

2. Атрыманы ў выніку браджэння, прыгатаваны шляхам квашання. Кіслае малако. Кіслая капуста. // Які сапсаваўся ад браджэння; пракіслы. Кіслы суп. Кіслая каша. // Напоўнены пахамі кіслаты. Кіслае паветра.

3. перан. Разм. Які выражае незадаволенасць; маркотны, панылы. Кіслы настрой. Кіслая ўсмешка.

4. Які змяшчае кіслату (у 2 знач.). Кіслы раствор. Кіслая глеба.

•••

Кіслая соль гл. соль.

кісля́, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і кіслата (у 1 знач.). І любяць жа [Жэнька і Света] брусніцы. Адна кісля, а яны ядуць. Света дык прыгаршчамі будзе ў рот сыпаць і не зморшчыцца. Пташнікаў.

кісля́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць кіслявага.

кісля́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. З кіслатой, кіслінкай; кіславаты.

кісля́к, ‑а, м.

Разм. пагард. Вялы, нудны чалавек.

кісля́ціна, ‑ы, ж.

Разм.

1. Што‑н. вельмі кіслае. Грыша.. механічна сарваў яблык — невялікі яшчэ, з напарстак — і стаў мужна жаваць кісляціну. Місько.

2. перан. Пра вялага, нуднага чалавека.

кі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. кіс, кісла і кіснуў, кіснула; незак.

1. Рабіцца кіслым, псавацца ад браджэння. Малако кісне. Віно кісне.

2. Разм. Мокнуць, набухаць ад вільгаці; раскісаць. У гушчары, у ямінах-лужынах кісне снег, вада пеніцца, як саладуха. Пташнікаў. Вельмі ж бязлітаснай выглядае прырода, калі прымушае мокрых ад балота людзей кіснуць яшчэ і пад дажджамі. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Весці аднастайнае бяздзейнае жыццё. Годзе кіснуць, марнець, Песні смутныя пець. Купала. // Сумаваць, нудзіцца. [Марфа] не кісла, якім бы горкім бокам не паварочвалася да яе жыццё, і другім не давала кіснуць. Васілевіч.

•••

Кіснуць ад смеху — нястрымна нясцішана смяяцца.