Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уяві́ць, уяўлю, уявіш, уявіць; зак., каго-што.

1. У думках скласці вобраз каго‑, чаго‑н., узнавіць розумам, фантазіяй. Мне цяпер уявіць немагчыма — Нікне розум, маўчыць уяўленне. Дзяргай. [Юхім:] Мы зажывём з табою так багата, Як і ўявіць не можаш ты, сястра! З. Астапенка. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Шамякін. На момант Мікалай Пятровіч уявіў сабе крануты ўсмешкай твар маці, уважлівыя позіркі гасцей, і яму зрабілася не па сабе. Каршукоў.

2. Палічыць, дапусціць. Я не верыў гэтаму, я не мог уявіць, што ў нас мог знайсціся такі чалавек. Кулакоўскі.

•••

Можаш (можаце) сабе ўявіць; уяві(це) сабе (у знач. пабочн.) — ужываецца з мэтай звярнуць увагу слухача на якую‑н. акалічнасць, зацікавіць яго чым‑н.

уяда́цца 1, ‑аецца.

Незак. да уесціся ​1.

уяда́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да уесціся ​2.

уяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да уесці (у 3 знач.).

2. Абл. Сварыцца. Жанчына не пераставала ўядаць. То сілком саджала малога на калені, то станавіла яго на ногі і бязлітасна выцірала яму носік, прыгаворваючы. Пестрак.

уязджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уехаць.

уязны́, ‑ая, ‑ое.

Які служыць, прызначаны для ўезду. Уязныя вароты. □ Асталіся руіны касцельнай вежы, захаваліся ўязная брама і фасадная частка кляштара. «Помнікі».

уя́лавець, ‑ее; зак.

Разм. Зарасці пустазеллем, травой (пра зямлю, поле). За тры гады зямля ўялавела, але палянка вельмі прыдалася, каб на ёй слаць лён. Крапіва.

уясне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уясняць — уясніць.

уясні́цца, ‑ніцца; зак.

Стаць ясным, зразумелым.

уясні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што або з дадан. сказам.

Зрабіць ясным, зразумелым для сябе. Вялічка ўспомніў, што ён, калі быў яшчэ ў забыцці, чуў гэты шэпт, але не мог уясніць сабе яго як сапраўднасць. Чорны. Зачэпа прадаўжаў: — Мне здаецца, што вы добра ўяснілі, што галоўны наш вораг багатыя — цар, міністр, губернатар, пан. Асіпенка.

уясня́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да уясніцца.

2. Зал. да уясняць.