уявіць, уяўлю, уявіш, уявіць; зак., каго-што.
1. У думках скласці вобраз каго‑, чаго‑н., узнавіць розумам, фантазіяй. Мне цяпер уявіць немагчыма — Нікне розум, маўчыць уяўленне. Дзяргай. [Юхім:] Мы зажывём з табою так багата, Як і ўявіць не можаш ты, сястра! З. Астапенка. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Шамякін. На момант Мікалай Пятровіч уявіў сабе крануты ўсмешкай твар маці, уважлівыя позіркі гасцей, і яму зрабілася не па сабе. Каршукоў.
2. Палічыць, дапусціць. Я не верыў гэтаму, я не мог уявіць, што ў нас мог знайсціся такі чалавек. Кулакоўскі.
•••
Можаш (можаце) сабе ўявіць; уяві(це) сабе (у знач. пабочн.) — ужываецца з мэтай звярнуць увагу слухача на якую‑н. акалічнасць, зацікавіць яго чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)