Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

клады́, ‑оў; адз. няма.

Абл. Могілкі. Яны лагчынку праязджаюць — Гару сярэднюю мінаюць, Клады з паніклымі крыжамі. Колас.

клазе́т, ‑а, М ‑зеце, м.

Уст. Тое, што і ватэрклазет.

[Англ. closet.]

клазе́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клазета. Клазетная папера.

клак, ‑а, м.

Тое, што і пыж. Засыпаў [Дзед Талаш] у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Колас.

кла́ка, ‑і, ДМ клацы, ж., зб.

У капіталістычных краінах — група людзей, якіх наймаюць для стварэння штучнага поспеху або правалу артыста, аратара ці якога‑н. выступлення, спектакля і пад.

[Фр. claque.]

клакёр, ‑а, м.

У буржуазным тэатры — чалавек, наняты для таго, каб гучна апладзіраваць, крычаць, свістаць і тым самым ствараць уражанне поспеху або правалу п’есы, артыста.

[Фр. claqueur.]

кла́ксан, ‑а, м.

Механічны сігнальны гудок трактара, аўтамабіля і інш. Жарыкаў не пераставаў сігналіць; клаксан яго машыны падаваў такія трывожныя гудкі, што можна было падумаць — здарылася няшчасце. Асіпенка.

[Англ. klaxon.]

клан, ‑а, м.

Радавая абшчына, род (першапачаткова ў кельцкіх народаў).

[Кельц. clann.]

кла́няцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

каму-чаму і без дап.

1. Рабіць паклоны ў знак прывітання, павагі, удзячнасці. Кланяцца роднай зямлі. □ Старыя палешукі, сустракаючыся, пачціва кланяліся. Колас.

2. У пісьме або цераз каго‑н. перадаваць прывітанне, выражаць павагу. — Даслоўна, кажу, так і напішы: маёр Пітолін нізка кланяецца табе, бацька, за маё выхаванне. Грамовіч.

3. перан.; каму. Разм. Звяртацца з просьбай, уніжана прасіць аб чым‑н.; пакланяцца. — Давай, Настулька, будзем жыць так, без запісу ў воласці, без шлюбу ў царкве, бо далей я не пайду кланяцца рознаму чорту. Чарот.

•••

Кланяцца ў ногі каму — тое, што і кланяцца (у 3 знач.).

Кланяцца ў пояс — нізка кланяцца.

клапамо́р, ‑у, м.

Сродак для знішчэння клапоў.