кла́віш, ‑а, м. і кла́віша, ‑ы, ж.
1. Пласцінка ў музычным інструменце (фартэпіяна, баяне і інш.), якую націскаюць пальцам для атрымання гуку. Павел сеў за піяніна. Прабег пальцамі па клавішах. Мелодыя паплыла па пакоі. Шыцік. Па клавішах скачуць пальцы гарманіста. Бядуля.
2. Наканечнік рычажка ў розных механізмах (тэлефонным апараце, пішучай машынцы і пад.), які прыводзіцца ў рух пальцамі. Клавішы машынкі. □ [Хлопец] шчоўкнуў клавішам радыёлы, і кватэру запоўніла музыка. Хомчанка.
[Польск. klawisz ад лац. clavis — ключ.]
кла́вішны, ‑ая, ‑ае.
Які мае клавішы, з клавішамі. Клавішны музычны інструмент. Клавішны механізм.
клавіяту́ра, ‑ы, ж.
1. Увесь рад клавішаў у клавішных музычных інструментах.
2. Сукупнасць клавішаў якога‑н. механізма. Клавіятура лічыльнай машыны.
[Ад лац. clavis — ключ.]
клавіяту́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае клавіятуру. Клавіятурныя інструменты.
клад, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Грошы або другія каштоўнасці, схаваныя або закапаныя дзе‑н. Шукаць клад. Клад манет. □ Навошта той клад, калі ў дзетках лад. Прыказка.
2. Разм. Пра тое, што мае вялікую вартасць, каштоўнасць. Для партызан.. [клунак з медыкаментамі] вялікі клад. Новікаў.
кладаўшчы́к, ‑а, м.
Работнік склада. [Паўлюк] насыпаў зерне ў мяшкі, глядзеў на вагі, каб кладаўшчык часам не памыліўся. Шамякін.
кла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. класці (у 7 знач.). Новы метад кладкі. Кладка сцен. // Спосаб размяшчэння паштучнага матэрыялу, які складваецца. Кругавая кладка снапоў. □ Кладка замка паводле тыпу найбольш блізкая да т. зв. «галандскай», у якой мяшаныя рады чаргуюцца з радамі, пакладзенымі тарчаком. «Помнікі».
2. Частка якой‑н. пабудовы, зложанай з цэглы, каменю. Рабочыя вынялі некалькі цаглін, а затым разабралі ўсю кладку. «Маладосць».
3. Дошка, палена або некалькі пален, пакладзеныя для пераходу цераз раку, балота, гразкае месца і пад. Кладкі аселі на балотнае дно, зараслі мохам, і цяпер не ўсякі ўмее намацаць іх пад вадой, пад імхамі сваёй нагой. Галавач. Пераскакваючы цераз груды, пераходзячы па хісткіх кладках глыбокія канавы, няспынна снавалі людзі. Шамякін.
4. Невялікі драўляны памост на рэчцы, возеры і пад. для чэрпання вады і паласкання бялізны. Мыла дзяўчынка бялізну кужэльную ў крыніцы. Стаяла яна на кладцы. Бядуля.
5. Адкладванне яец (у насякомых). Назіранне над кладкай яец матылямі.
кладо́ўка, ‑і, ДМ ‑доўцы; Р мн. ‑довак; ж.
Памяшканне для захавання прадуктаў харчавання, тавараў, сыравіны і пад. [Конюх Рыгор] вынес з кладоўкі хамут, падсядзёлак і лейцы. Якімовіч. [Гаспадыня] разам з маслам прынесла з кладоўкі гладышык малака. Пальчэўскі. // перан. Пра тое, што захоўвае ў сабе вялікія багацці, мае важнае значэнне. Падземныя кладоўкі. □ Лес — гэта яшчэ і кладоўка вільгаці і «лёгкія» зямлі — ён ачышчае, фільтруе ад пылу, копаці і гразі паветра. Сачанка.
кла́дчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца кладкай (у 1 знач.).