кірпа́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Кароткі і задзёрты (пра нос).
2. Тое, што і кірпаносы. Кірпаты хлопчык.
кі́рпаўка, ‑і, ДМ ‑паўцы; Р мн. ‑павак; ж.
Разм. Пра кірпаты нос. Міколка.., высунуўшы з-за кары сваю кірпаўку, назіраў за дзедавым практыкаваннем. Лынькоў.
кіру́емасць, ‑і, ж.
Здольнасць паддавацца кіраванню (пра механізм, машыну); кіравальнасць. Кіруемасць самалёта.
кіру́емы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. цяпер. ад кіраваць.
2. у знач. прым. Такі, работай, рухам якога можна кіраваць. Кіруемы снарад.
кіру́нак, ‑нку, м.
1. Тое, што і напрамак (у 1 знач.). Самалёт Бурмакова ўзяў кірунак на поўнач. Шыцік. Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Колас.
2. перан.; чаго або які. Шлях развіцця, накіраванасць якога‑н. дзеяння, з’явы і пад. Кірунак навуковай дзейнасці. Кірунак палітыкі. □ Загаварылі пра сям’ю, і гаворка адразу набыла іншы кірунак. Пальчэўскі.
3. Грамадская, навуковая, літаратурная і пад. плынь; школа, групоўка. Літаратурныя кірункі. □ Часцей матэрыялы пра творчасць Я. Купалы з’яўляліся ў друку левага кірунку. «Полымя».
кіру́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад кіраваць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Такі, якому належыць кіраўніцтва (у 1 знач.). Кіруючы арган.
3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які з’яўляецца кіраўніцтвам да дзеяння. Кіруючыя ўказанні.
4. Дзеепрысл. незак. ад кіраваць.
кі́рха, ‑і, ДМ ‑рсе, ж.
Лютэранскі храм.
[Ад ням. Kirche — царква.]
кіры́ліца, ‑ы, ж.
Адна з дзвюх стараславянскіх азбук, якая лягла ў аснову рускага, беларускага, украінскага і іншых алфавітаў.
[Ад імя славянскага асветніка 9 ст. Кірылы, які склаў гэту азбуку.]
кіры́ліцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кірыліцы, напісаны кірыліцай. Кірыліцкае пісьмо. Кірыліцкія помнікі.