кіпячо́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад кіпяціць.
2. у знач. прым. Які кіпяціўся, кіпеў. Кіпячонае малако.
кіпя́чы, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. незал. цяпер. ад кіпець.
кіпячэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. кіпяціць.
кірава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. кіраваць (у 1, 2 знач.). Кіраванне машынай. Кіраванне дзяржавай.
2. Дзейнасць органаў дзяржаўнай улады. Метады дзяржаўнага кіравання.
3. Сукупнасць прыбораў, пры дапамозе якіх кіруюць машынай, механізмам і пад. Аўтаматычнае кіраванне.
4. Сінтаксічная сувязь, якая выражаецца ў тым, што адно слова патрабуе пасля сябе дапаўнення ў пэўным склоне. Дзеяслоўнае кіраванне.
кірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
1. чым. Накіроўваць сваю дзейнасць, дзейнічаць адпаведна чаму‑н., у залежнасці ад чаго‑н. Кіравацца вучэннем марксізма-ленінізма. □ У краіне, якая кіруецца перадавымі ідэямі, літаратура павінна быць лепшай літаратурай у свеце. Купала.
2. Разм. Трымаць кірунак, рухацца куды‑н. — А вы кіруйцеся на Петрыкаў, і так во лясамі, — сказаў гаспадар. Лупсякоў. Кірмаш, куды кіраваўся Сцёпка, знаходзіўся на плошчы. Хомчанка.
3. Зал. да кіраваць (у 1, 2, 4 і 5 знач.).
кірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. кім-чым. Карыстаючыся прыборамі, рычагамі і пад., рэгуляваць ход, рух, работу каго‑, чаго‑н. Кіраваць машынай. Кіраваць канём. □ Вадзік трымаў у руках вудачкі, Сашка кіраваў лодкай. Гамолка. // Рабіць уплыў на развіццё чаго‑н., на ход якога‑н. працэсу. — Не можам кіраваць сонечным святлом, дык трэба кіраваць зямлёю. Кулакоўскі. / Пра сродкі кіравання чым‑н. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспяваў, кіраваць вяслом. Гамолка.
2. кім-чым. Быць на чале чаго‑н., накіроўваць дзейнасць каго‑, чаго‑н. Кіраваць дзяржавай. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Накіроўваць чые‑н. ўчынкі, дзеянні, быць пабуджальнай прычынай, пачаткам чаго‑н. Пачуццё любві да роднай зямлі кіравала аўтарам, калі ён выступіў з крытыкай побыту і нораваў польскіх магнатаў, шляхты і іх абслугі. Казека. // Разм. Мець уладу над кім‑н., распараджацца кім‑н. Зараз жа знайшоў [Крушынскі] тлумачэнне: «Жонка кіруе старым...». Бядуля. // Дырыжыраваць хорам, аркестрам. Кіраваць аркестрам.
3. Разм. Тое, што і кіравацца (у 2 знач.). Брычка зварочвае на поплаў, кіруе проста да стагоў. Асіпенка.
4. каго-што. Разм. Паказваць каму‑, чаму‑н. пэўны напрамак; накіроўваць. Праз рачныя броды Кіраўнік атрада Кіруе падводы. Куляшоў.
5. чым. У граматыцы — патрабаваць пасля сябе пэўнага ўскоснага склону. Пераходныя дзеясловы кіруюць вінавальным склонам.
кіра́са, ‑ы, ж.
1. Металічныя латы на грудзі і спіну, якія даўней надзявалі воіны для засцярогі ад халоднай і агнястрэльнай зброі.
2. Частка параднай формы некаторых кавалерыйскіх палкоў у заходнееўрапейскіх і рускай арміях (да 1917 г.).
[Фр. cuirasse.]
кірасі́р, ‑а, м.
1. Коннік цяжкай кавалерыі, які даўней насіў кірасу.
2. Салдат або афіцэр некаторых кавалерыйскіх палкоў у заходнееўрапейскіх і рускай арміях (да 1917 г.).
[Ад фр. cuirassier.]
кірасі́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кірасіра, належыць яму. Кірасірскі мундзір. Кірасірскі палаш. // Які складаецца з кірасіраў. Кірасірскі полк.