Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

навастры́ць, ‑вастру, ‑вострыш, ‑вострыць; зак., што.

1. Зрабіць вострым. Пасля абеду бацька заткнуў сякеру за пояс і з парога кінуў: — Я ў вёску, да Базыля. Навастрыць трэба. Курто.

2. перан. Зрабіць больш адчувальным. Аўгіння Цітаўна прыўзняла галаву, навастрыла слых. М. Ткачоў.

•••

Навастрыць вушы — пачаць уважліва прыслухоўвацца; насцеражыцца. Максімка раскрыў галаву і навастрыў вушы, бо яму цяпер не відно было, што робяць маці з дзядзькам. Сабаленка. Праз хвілін дзесяць бор аглушыўся грымотным выбухам.. Гнеды навастрыў вушы, зафыркаў. Якімовіч.

Навастрыць лыжы — сабрацца, намерыцца ўцячы, пайсці адкуль‑н.

на́ват, часціца.

1. Ужываецца для ўзмацнення сэнсавай выразнасці слоў і словазлучэнняў (ставіцца перад словамі, да якіх адносіцца). Паветра было такое чыстае, што не мігацелі нават далёкія агні. Карпаў. Шчыра кажучы, новая будыніна падабалася хлопцам нават больш, чым хата. С. Александровіч.

2. у знач. далучальнага злучніка. Далучае члены сказа і сказы, якія выступаюць у якасці паказчыка самай высокай ступені чаго‑н. Хата-чытальня была перапоўнена. Людзі стаялі ў калідоры, нават на вуліцы каля адчыненых [акон]. Паслядовіч. Раптам сцішылася прырода, замерла. Нават вяз не варухнецца на беразе, нават паветра застыла. Ваданосаў.

•••

І не думай (нават) гл. думаць.

нава́тар, ‑а, м.

Той, хто ўносіць і ажыццяўляе новыя, прагрэсіўныя ідэі, прынцыпы, прыёмы ў якой‑н. галіне дзейнасці. Наватары вытворчасці. □ Творчая думка наватараў адкрывае новыя і новыя магчымасці павышэння прадукцыйнасці працы. «Беларусь».

[Ад лац. novator — абнавіцель, вынаходнік.]

нава́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да наватара, наватарства; якому характэрна наватарства. Наватарскія метады працы. Наватарская прапанова. □ Талент вялікага пісьменніка па сваёй прыродзе заўсёды наватарскі. Ярош.

нава́тарства, ‑а, н.

1. Дзейнасць наватараў. Займацца наватарствам.

2. Усё новае, прагрэсіўнае, што ўводзіцца ў якой‑н. галіне дзейнасці. [Чыкуноў:] «Тое, што ўчора было наватарствам, крокам наперад, сёння ўжо стала пройдзеным этапам». Васілёнак.

нава́цыя, ‑і, ж.

1. У юрыспрудэнцыі — пагадненне бакоў аб замене аднаго заключанага імі абавязацельства другім.

2. Новаўвядзенне. Фармальная навацыя. Змястоўная навацыя.

[Лац. novatio — абнаўленне, змяненне.]

навашчы́ць, ‑вашчу, ‑вошчыш, ‑вошчыць; зак., што і чаго.

Тое, што і наваскаваць.

наваява́цца, ‑ваююся, ‑ваюешся, ‑ваюецца; зак.

Разм.

1. Многа, доўга паваяваць; стаміцца, ваюючы. [Аляксандр:] — Наваяваўся за сябе і за тых, што не радзіліся яшчэ. Грахоўскі.

2. Пазбавіцца сілы, моцы на вайне; адваявацца. — Я ўжо наваяваўся... — [Крыўдзін] узняў руку, на якой не было пальца. Гурскі.

наваява́ць, ‑ваюю, ‑ваюеш, ‑ваюе; зак.

Разм. (звычайна са словамі «многа», «доўга» і пад. і з адмоўем «не»). Паваяваць некаторы час. [Юзік:] — Вось белякам і крута прыходзіцца. Спераду — чырвоныя, ззаду — партызаны. Нябось, доўга не наваююць. І гарматы замежныя не памогуць... Якімовіч.

навая́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Іран. Які ўпершыню дзе‑н. з’явіўся, праявіў сябе. Наваяўлены пан. Наваяўлены атаман.